Сумняюся, што Мельнікава была штатнай афіцэркай — былая афіцэрка ABW Польшчы

26/03/2026 - 09:57

Анжаліка Мельнікава ў Мінску

Абставіны з'яўлення фатаздымкаў Анжалікі Мельнікавай дазваляюць меркаваць, што яна ўвесь час супрацоўнічала са спецыяльнымі службамі Беларусі. Пра гэта заявіла маёр у адстаўцы Анна Грабоўска-Сівец, былая афіцэрка контрразведкі ABW, звярнуў увагу "Белсат".

На мінулым тыдні з'явіліся фатаздымкі Мельнікавай з мінскай трэнажорнай залы. Пазней яе бацька ў размове з журналістамі сказаў, што дачка ўжо каля года знаходзіцца ў Беларусі.

"Гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі не ставіцца да яе як да ворага. Бо калі б усе гады, што яна была ў Польшчы, яна сапраўды дзейнічала супраць рэжыму, то цяпер не хадзіла б па трэнажорных залах, а сядзела б за кратамі. Рэжым Лукашэнкі і не за такое затрымлівае. Што да пытання, ці магла яна ў Польшчы супрацоўнічаць са службамі бяспекі Беларусі, — мне здаецца, што так", — кажа Грабоўска-Сівец.

Польская экспертка мяркуе, што Мельнікаву завербавалі і добра падрыхтавалі для ўкаранення ў беларускія апазіцыйныя структуры. Яна была супрацоўніцай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі, а потым узначаліла Каардынацыйную раду. "Разумею, што прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў такім чынам апынуліся ў нявыгадным становішчы. Спачатку яны не дапускалі, што ў іхных шэрагах можа быць супрацоўнік службаў Лукашэнкі", — аналізуе сітуацыю Грабоўска-Сівец.

Раптоўны выезд Мельнікавай з Польшчы на пачатку 2025 года тлумачыцца, на думку эксперткі, нейкім крызісам у супрацы Мельнікавай са спецслужбамі. "Існуе тэорыя, што яна ўжо не магла выконваць пастаўленыя перад ёю беларускаю разведкаю задачы. Магчыма, у гэтым былі і асабістыя абставіны. Таму беларусы "забралі" яе назад, яна нават магла атрымаць за гэта ўзнагароду. Сумняюся, што яна была штатнай афіцэркай КДБ. Хутчэй, яе для гэтага проста завербавалі", — дадае былая польская контрразведчыца.

Грабоўска-Сівец кажа, што як агентка Мельнікава магла збіраць самую разнастайную інфармацыю, бо паводле пасады мела вялікі доступ да звестак пра беларускую эміграцыю ў Польшчы:

"Усё, што было ёй даступна: пра напрамкі дзейнасці, людзей, кантакты з інстытутамі ў Польшчы, пра канспірацыйныя сувязі з асобамі ў Беларусі, якія падтрымліваюць незалежніцкі рух, апазіцыйны да Лукашэнкі. Гэта вельмі каштоўная інфармацыя для беларускіх спецслужбаў, бо яна дазваляе ім пераследаваць сваіх праціўнікаў на тэрыторыі краіны.

Мы не маем пра гэта звестак, бо дэпутаты Каардынацыйнай рады гэтага не прызнаюць, але класіка дзейнасці разведкі — таксама разбурэнне арганізацыі знутры, унясенне хаосу, канфліктнасці. Гэта можа быць такая драбяза, як распаўсюджванне чутак, пацвярджэнне няпраўды, дэзынфармацыя. Але таксама падтрымка групаў, якія радыкалізуюцца або не згодныя з палітычнай лініяй".

Разам з тым яна не лічыць, што Мельнікава магла займацца вярбоўкай іншых агентаў унутры беларускай апазіцыі: гэта прыцягвала б да яе ўвагу.

Пасля знікнення Мельнікавай журналісты выявілі, што яна сустракалася з афіцэрам КДБ Аляксеем Лабеевым. Грабоўска-Сівец адзначае, што паміж імі не абавязкова мог быць раман: "Гэта магла быць легенда, дзякуючы якой іх кантакты выглядалі натуральна. А насамрэч гэта мог быць чалавек, які яе трэніраваў, быў яе сувязным або афіцэрам, што яе вёў. Спектр магчымасцяў вялікі, што не выключае магчымасці нейкіх інтымных адносін".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі