Літоўскія фуры, якія вяртаюцца з Беларусі / ZUMA / SCANPIX
За два дні ў Літву з Беларусі вярнуліся 100 фур, паведамляе памежная служба Літвы. "45 вярнуліся праз памежны пункт Мядзінінкай, а 55 — праз пункт Шальчынінкай", — перадае DELFI словы прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедруса Мішуціса.
Раней ён казаў, што ўезд фураў у Літву на абодвух пунктах ідзе па асобных палосах, таму прыбыццё не займае шмат часу. Большасць кіроўцаў гэтых грузавікоў з літоўскімі нумарамі — грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве.
Фуры літоўскіх кампаній стаялі на спецстаянках у Беларусі з лістапада 2025 года. Выпускаць іх сталі пасля перамоваў Лукашэнкі са спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Беларускія мытнікі казалі, што на тэрыторыі краіны былі затрыманыя больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў з літоўскімі нумарамі. Першыя з іх вярнуліся ў Літву 24 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут