Судзілі міліцыянера, які афармляў адміністрацыйныя справы на невінаватых людзей

26/04/2024 - 17:59

Пакаралі за "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі" (ілюстрацыйнае фота) / dzyannica.by

У Мінску судзілі былога ўчастковага міліцыянера, які афармляў адміністрацыйныя справы на невінаватых людзей. Крымінальную справу разглядаў суд Партызанскага раёна. За "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі" мужчына атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму і вялікі штраф — 12 тысяч рублёў (раней арыштавалі маёмасць). Былога сілавіка ўзялі пад варту ў зале суда (ён знаходзіўся на волі пад асабістым паручальніцтвам і падпіскай аб нявыездзе), піша "Зеркало".

У міліцыянера быў 20-гадовы вопыт працы, служыў у Партызанскім, а пасля ў Ленінскім РУУС. На парушэнне закона ён пайшоў, каб "палепшыць паказчыкі". Схема з адміністрацыйнымі справамі яму падалася эфектыўнай. Але ўсё скончылася, калі дзейнасцю ўчастковага зацікавілася Упраўленне ўласнай бяспекі МУС. Яго начальнікі сцвярджаюць, што не падазравалі, якімі махінацыямі займаецца падначалены, якога хуценька звольнілі з органаў унутраных спраў.

Для фальсіфікацый участковы выбіраў самыя бяскрыўдныя і непрыкметныя справы. Напрыклад, "аб парушэнні спакою іншых грамадзян у жылым доме" — за шум у начны час, "распіццё алкаголю альбо з'яўленне ў стане ап'янення ў грамадскім месцы" і "загадзя ілжывы выклік міліцыі".

Участковы такім чынам вынес 14 незаконных пастаноў. Большасць пацярпелых паведамілі, што яны нават не былі знаёмыя з міліцыянерам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі