Суд у Гродне хоча адмяніць продаж кватэры, якая належала палітэмігрантам

14/06/2024 - 16:46

Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік (96047) / БАЖ

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачаўся грамадзянскі працэс па адмене здзелкі куплі-продажу кватэры. Ініцыятарам суда выступае пракуратура горада, піша Hrodna.life.

Гаворка ідзе пра кватэру, якая належала сям'і журналістаў-палітуцекачоў Пісальнікаў. Анджэй Пісальнік і Інэса-Тодрык-Пісальнік у 2021 годзе пакінулі Беларусь пад палітычным ціскам. Абое з'яўляюцца актывістамі неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі. Цяпер Інэсу прызначылі адказчыцай па справе.

Суддзя Наталля Шышко вырашае, ці можна прызнаць угоду па продажы кватэры юрыдычна нікчэмнай і несапраўднай. Ёсць некалькі прычын, якія дазваляюць прыняць такое рашэнне: 
невыкананне натарыяльнай формы здзелкі або патрабавання аб дзяржаўнай рэгістрацыі;
здзелка, якая не адпавядае патрабаванням заканадаўства;
здзелка, здзяйсненне якой забаронена заканадаўствам;
ўяўныя і няшчырыя здзелкі.

Прадаць маёмасць без прысутнасці ў Беларусі можна толькі з дапамогай генеральнай ці мэтавай даверанасці. Але з 4 верасня 2023 года законнай лічыцца толькі даверанасць, аформленая ў Беларусі. Як піша выданне, улады пачалі перашкаджаць рыэлтарам і натарыусам, якія такім чынам афармляюць здзелкі.

Гэта не першы выпадак, калі рэжым Лукашэнкі накладае лапу на маёмасць палітуцекачоў. Раней так былі прададзеныя кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў. Таксама ўлады прадаюць маёмасць палітвязняў — напрыклад, праваабаронцаў "Вясны" Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі