Суд падтрымаў высылку расіяніна з Буда-Кашалёўскага раёна

24/06/2019 - 10:27

Суддзя суда Буда-Кашалёўскага раёна Святлана Лупічэнка 21 чэрвеня  не задаволіла скаргу 38-гадовага грамадзяніна Расіі Уладзіміра Траўтэра. Мясцовая міліцыя высылае мужчыну з краіны на пяць гадоў "у інтарэсах грамадскай бяспекі", піша праваабарончы сайт "Гомельская вясна".

Мужчына спасылаўся на тое, што яму няма да каго ехаць у Расію, бо ў Беларусі ў яго сям'я, сястра, хворая маці, праца, дом і крэдыты. Інтарэсы Траўтэра ў судзе прадстаўляў праваабаронца Леанід Судаленка

Уладзімір Траўтэр — грамадзянін Расіі. Ужо 26 гадоў ён жыве ў Беларусі, у вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. У яго ёсць жонка, непаўналетні сын. Траўтэр мае пастаянную працу, вялікую дапаможную гаспадарку.

Нагодай для высылкі стала тое, што ў лютым 2019 года супрацоўнікі ДАІ злавілі яго за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Яшчэ адно парушэнне — размова па мабільным тэлефоне падчас руху.

За Траўтэра заступілася кіраўніцтва КСУП "Губічы", дзе ён працуе жывёлаводам. Хадайніцтва за яго падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічы. Аднак суддзя падтрымала рашэнне міліцыі.

Прадстаўнік Траўтэра заявіў, што падасць апеляцыю на гэтае рашэнне ў Гомельскі абласны суд.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі