Суд не задаволіў скаргу адвакатаў на затрыманне Віктара Бабарыкі

24/06/2020 - 13:08

24 чэрвеня на закрытым пасяджэнні суд Цэнтральнага раёна Мінска не задаволіў скаргу адвакатаў на затрыманне Віктара Бабарыкі. Пра гэта распавялі абаронцы прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла Дзмітрый Лаеўскі і Аляксандр Пыльчанка.

Адвакаты будуць абскарджваць гэтае рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе. Згодна з законам, пры разглядзе такой скаргі суд можа прызнаць затрыманне незаконным і ў тым выпадку, калі было парушанае права на абарону затрыманага.

"Мы, абаронцы, як і сам Віктар Дзмітрыевіч, адзначалі аб грубым парушэнні ягонага права на абарону яшчэ ў дзень затрымання — калі ён знаходзіўся ў будынку ДФР, патрабаваў адвакатаў, а адвакатаў не пускалі ў будынак, нягледзячы на адпраўленыя імі па электроннай пошце дакументы аб паўнамоцтвах і скаргі", — распавёў парталу TUT.by Дзмітрый Лаеўскі.

Дарэчы, у СІЗА КДБ да Бабарыкі адвакатаў па-ранейшаму не пускаюць, спасылаючыся на эпідэміялагічную сітуацыю. Таму Лаеўскі падаў ужо трэцюю скаргу ў Генпракуратуру на перашкоды ў аказанні юрыдычнай дапамогі. "Цяпер у скарзе абаронца канстатаваў ужо сістэматычнае парушэнне. Абарона спадзяецца, што Генеральная пракуратура прыме меры да таго, каб перашкоды былі ліквідаваныя", — патлумачыў ён. Пра лёс першых дзвюх скаргаў адвакат пакуль што нічога не ведае.
 
Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам быў затрыманы 18 чэрвеня. Адвакатаў не пускалі на допыт да яго ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пасля допыту прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду даставілі ў СІЗА КДБ. На выходных яму выставілі абвінавачанне, але з адвакатаў узялі падпіску аб неразгалошванні сутнасці абвінавачання. Таму яны не могуць нават паведаміць, у чым вінвацяць Бабарыку.

Апошні раз Дзмітрый Лаеўскі бачыўся са сваім падабаронным у СІЗА КДБ 20 чэрвеня. 

Дарэчы, адвакаты Бабарыкі падалі скаргу на імя генпракурора: яны лічаць, што да іх падабароннага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі