Суд ЕС адмяніў падаўжэнне санкцый для бізнесоўца Гуцэрыева — сябра Лукашэнкі

14/05/2026 - 09:13

Міхаіл Гуцэрыеў

Суд ЕС у Люксембургу ануляваў рашэнне Савета ЕС аб падаўжэнні ў 2025 годзе санкцый супраць расійскага бізнесоўца Міхаіла Гуцэрыева. У пастанове суда адзначаецца, што на момант абнаўлення санкцыйнага спісу савет ЕС не меў "дастатковых і актуальных доказаў" таго, што Гуцэрыеў фінансава падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

У прыватнасці, суд разглядаў дзейнасць групы "САФМАР", заснаванай Гуцэрыевым, у нафтавым сектары Беларусі падчас энергетычнага крызісу 2020 года, а таксама інвестыцыі ў камерцыйную нерухомасць, у тым ліку праекты ў Мінску. Суддзі прыйшлі да высновы, што ўсе пададзеныя Саветам ЕС доказы "адносяцца да мінулых падзей" і не пацвярджаюць сувязяў з рэжымам Лукашэнкі на момант падаўжэння санкцый.

У пастанове суда адзначаецца, што санкцыі неабходна рэгулярна пераглядаць і падаваць актуальныя доказы, а не падаўжаць аўтаматычна на аснове ранейшых фактаў. Суд падкрэсліў, што Савет ЕС не падаў абноўленыя звесткі наконт рэальнай актыўнасці кампаній Гуцэрыева ў Беларусі ў перыяд непасрэдна перад падаўжэннем санкцый.

Таксама суд палічыў недастаткова абгрунтаванымі сцвярджэнні, што Гуцэрыеў працягвае падтрымліваць асабістыя кантакты з Лукашэнкам.

У выніку суд прыйшоў да высновы, што падставы для санкцый несапраўдныя.

Агульны суд ЕС (General Court) — гэта першая судовая інстанцыя. Яго рашэнне можна абскардзіць у Судзе Еўрасаюза (Court of Justice).

Расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі ў чэрвені 2021 года за фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі