Суд ААН пагадзіўся ўвесці меры супраць Расіі за дыскрымінацыю ў Крыме

19/04/2017 - 15:50

Міжнародны суд ААН разгледзеў пазовы Украіны супраць Расіі на адкрытых слуханнях у Гаазе. Як перадае hromadske.ua, суд часткова задаволіў пазоў Украіны пра папярэднія меры супраць Расіі за парушэнне Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Пра гэта заявіў старшыня суда Роні Абрахам.

У рашэнні суда адзначаецца, што часовыя меры супраць Расіі будуць сфармуляваныя ў іншай форме, чым тая, пра якую прасіла Украіна. Згодна з рашэннем суда, Расія мусіць устрымацца ад дзеянняў, якія не дазваляюць крымскім татарам мець свае рэпрэзентатыўныя органы, уключаючы Меджліс. Таксама Расія павінна даць доступ да адукацыі на ўкраінскай мове ў Крыме.

Разам з тым Міжнародны суд ААН не задаволіў просьбу Украіны пра ўвядзенне папярэдніх мераў супраць Расіі за парушэнне ёю Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму. Суддзя Абрахам падкрэсліў, што Украіна мусіла даказаць, што часовыя меры мусяць спыніць прычыненне шкоды, а таксама наўмысныя дзеянні дзяржавы-ўдзельніцы канвенцыі. На думку суда, гэта патрабаванне не было выканана.

Міжнародны суд ААН падкрэсліў, што чакае ад Украіны і Расіі поўнага выканання Мінскіх пагадненняў для спынення вайны ў Данбасе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі