Сучасна і светла: як беларусы праектуюць будынкі для ЗША і Мексікі

12/04/2021 - 14:24

Беларусы знайшлі сваю нішу на рынку нерухомасці ў Мексіцы. Студыя “Вараб’ёў і партнёры” праектуе будынкі ў Мехіка, Гвадалахары (другім па насельніцтве горадзе Мексікі) і на ціхаакіянскім узбярэжжы — у Акапулька і Пуэрта-Вальярта.

Жылы комплекс Cima Park у Гвадалахары

Архітэктар Арсеній Вараб’ёў (сын Алега Вараб’ёва, аўтара вышыннага будынка “Беларуськалія” ў Салігорску, гасцініцы “Арбіта” і будынка Міжнароднага адукацыйнага цэнтра ў Мінску) удзельнічаў у праектаванні хмарачоса Torre BBVA México вышынёй 235 метраў. Гэта пяты па вышыні будынак у Мексіцы.

Будынак Torre BBVA México у Мехіка / bbva.com

Беларусы праектуюць і прыватныя катэджы — пераважна ў амерыканскім штаце Фларыда і мексіканскім штаце Халіска. Агульныя рысы гэтых праектаў — актыўнае выкарыстанне ў экстэр’еры і інтэр’еры светлых адценняў, натуральных матэрыялаў, панарамных вокнаў, зеляніны.

Сядзіба Weston Residence у штаце Фларыда

Офісы Varabyeu Partners працуюць у Мінску, Брэсце і Маямі.

Жылы комплекс Bolongo у Пуэрта-Вальярта

Апошнія пару гадоў рынак нерухомасці ў Мексіцы ўпэўнена расце дзякуючы стабільнаму павелічэнню сярэдняга класа і параўнальна нізкаму кошту ўтрымання жытла. Цэны на жыллё там падобныя да беларускіх. Кватэру на ўскраіне буйнога горада можна набыць за $30-40 тысяч, бліжэй да цэнтра — за $100-200 тысяч.

Жылы комплекс Narval Residences у Пуэрта-Вальярта

Што да прыватнага сектара, дык апартаменты ў кандамініуме паблізу ўзбярэжжа могуць каштаваць $200-300 тысяч, асобны дом ля мора — $500 тысяч. А за нязвыклы для беларусаў фармат “марская віла на першай лініі” прадавец папросіць ад $1,5 млн да фантастычных $4 млн.

Сядзіба Casa Modern Grove Residence у штаце Фларыда

У мексіканскай архітэктуры цяпер пануе хай-тэк, але развіваюцца і тэндэнцыі неабарока. Да спадчыны першай паловы ХХ стагоддзя адносяць узоры канструктывізму. У другой палове мінулага стагоддзя ў Мексіцы з’явілася багата мадэрнісцкіх будынкаў. Самыя вядомыя — за аўтарствам Луіса Барагана.

Сядзіба Park Grove Residence у штаце Фларыда

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі