Рэклама Wildberries у Мінску / LookByMedia
Беларускі бізнесмен Дзмітрый Курносенка стаў канчатковым бенефіцыярам кампаніі "ТД Квадрат", якой належыць 10% беларускага Wildberries. Пра гэта піша "Бюро" у сваім новым расследаванні, спасылаючыся на аўдытарскія дадзеныя банка і фінансавую справаздачнасць кампаній. Бізнес-сувязі Курносенкі вядуць да кампаніі жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.
Імя Курносенкі стала вядома з аўдыту "Банка развіцця і росту бізнесу", 99,42% якога "ТД Квадрат" выкупіў у 2025 годзе.
Дырэктарам "ТД Квадрат" значыцца Яўген Васільеў, кіраўнік напрамку па рабоце з органамі дзяржаўнай улады Wildberries ў Беларусі. Паводле дадзеных "Бюро", яго жонка Алена Васільева з 2023 года валодае доляй у фірме "Сябры Ивент" разам з рэстаратарам Натальяй Садоўскай.
Садоўская вядзе бізнес з Уладзімірам Кулаковым, мужам сястры Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.
Выданне таксама адзначае сувязі Курносенкі з сеткай вонкавай рэкламы "Крэатыўны код". 75% кампаніі належыць ЗАТ "КорусМедыя", дырэктарам якога значыцца Дар'я Харужка.
Паводле дадзеных "Кіберпартызан", яна больш за 10 гадоў працавала ў "Бяспечных дарогах Беларусі", якія кантралюе Курносенка. Паводле дадзеных "Бюро", крыніцы на рэкламным рынку звязваюць "Крэатыўны код" з Wildberries.
Дарэчы, "ТД Квадрат" атрымаў па 10% у ТАА "ІМВБРБ" і "Аператар ВБ Таксі" у сакавіку 2025 года, праз два тыдні пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прыватным бізнесам.
Паводле дадзеных "Бюро", у 2025 годзе фірма атрымала 70,054 млн беларускіх рублёў (20,3 млн еўра) даходаў ад удзелу ў капітале іншых арганізацый. Амаль столькі ж, 70,053 млн рублёў, беларускі Wildberries выплаціў акцыянерам дывідэндамі. Гэта каля 24% усяго прыбытку рытэйлера.
Іншых відаў дзейнасці "ТД Квадрат" не вядзе. З атрыманай сумы кампанія выплаціла свайму акцыянеру 26,7 млн рублёў (7,7 млн еўра).
Паводле дадзеных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паслугамі Wildberries карыстаюцца больш за 85% апытаных беларусаў. Выручка "ІМВБРБ" у 2025 годзе перавысіла 9 млрд беларускіх рублёў (2,6 млрд еўра), чысты прыбытак склаў 295 млн рублёў (85,3 млн еўра).
У траўні 2026 года МАРГ прызнала Wildberries адным з дамінуючых гульцоў на рынку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут