Студэнты на выбарах: Што кандыдаты кажуць пра размеркаванне? Не ведаю

07/10/2015 - 06:01

6 кастрычніка пачалося датэрміновае галасаванне. А гэта значыць, студэнты мінскіх ВНУ, хто па просьбе куратаркі, а хто за выходны, ужо галасуюць.


Хутка ў многіх з іх будзе размеркаванне. Ці ведаюць яны, што ім на гэты конт прапануюць кандыдаты.

"Не цікавілася. Я станоўча стаўлюся да размеркавання. Я за стабільнасць буду галасаваць і мірнае неба", — адказвае мне студэнтка БДУ Аляксандра. Вучыцца на філолага, на бюджэце. Ці абрадуецца пасля двухгадовай адпрацоўцы на перыферыі?


"А я выбар яшчэ не зрабіла, час да 11 ёсць. Наконт размеркавання, не ведаю. Я чула пра Караткевіч, але што яна кажа пра размеркаванне, не цікавілася", — кажа студэнтка БДУ Ганна. 

Адмыслова для Ганны: Таццяна Караткевіч прапануе пакінуць толькі добраахвотнае размеркаванне. Без прымусу. Аляксандр Лукашэнка за размеркаванне ў тым выглядзе, якое яно цяпер. За тое ж і Мікалай Улаховіч. А вось Сяргей Гайдукевіч "шмат чаго б змяніў". 

"Я па-філасофску стаўлюся да гэтых выбараў. Вось, жанчына з'явілася. Але нейкага лідара, якому б я паверыла, што ён нешта можа змяніць, так я і не ўбачыла. Што да размеркавання, то мне ўсё адно", — расказвае бюджэтніца з БДУ Кацярына. Галасаваць збіраецца датэрмінова.


"Не глядзеў я на размеркаванне. Мне падабаецца палітыка дзейнага кіраўніка краіны. Мяне не ўсё задавальняе, але большая частка", — адказвае будучы філолаг, якога сустракаю каля БДУ.

Не глядзіць на размеркаванне і яго сябра. Ён ведае толькі біяграфіі кандыдатаў, якія прачытаў ва ўлётцы з паштовай скрыні.

Агулам, з двух дзясяткаў апытаных студэнтаў ніхто не прыгадваў пра размеркаванне. Самыя папулярныя адказы: "Мяне ўсё задавальняе". Нават канкрэтныя пункты праграм ніхто не прыгадвае.

Фота: Еўрарадыё

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі