Студэнтку з Баранавічаў пагражаюць адлічыць за флэшмоб “Танчым за рэформы”

28/05/2016 - 16:30

Актывістку Руху “За Свабоду” Аліну Нагорную папярэджваюць пра адлічэнне з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Падставай для такіх пагрозаў з боку дэканату стала відэа, якое дзяўчына зняла ў падтрымку студэнцкага флэш-моба #танчымЗаРэформы, паведамляе pyx.by.

Незалежныя студэнцкія арганізацыі запусцілі флэшмоб “Танчым за рэформы” сёлета ў лютым. Яны хацелі звярнуць увагу на адсутнасць рэформ у беларускіх ВНУ. Відэа Аліны Нагорнай з сябрамі з’явілася ў сацсетках 25 траўня. На відэа студэнты проста танчаць каля ганку Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Літаральна праз два дні, 27 траўня Аліну знайшла ў сацсетках супрацоўніца навучальнай установы і запатрабавала выдаліць відэа з канала на Youtube. Перапіска вялася праз асабістыя паведамленні ў сетцы Вконтакте.

“Я здала сесію з сярэднім балам 8,2, — адказала ёй Нагорная. — За што вы можаце мяне адлічыць?”

У якасці падставы для адлічэння супрацоўніца ўніверсітэта называла курсавую. Па словах Аліны Нагорнай, якая нядаўна аднавілася на 4 курс, і даведалася пра неабходнасць напісання працы падчас сесіі. Выкладчыкі далі ёй час да жніўня.

Праз нейкі час тая ж жанчына напісала студэнтцы ў Viber. “Аліна, мы не плануем вас адлічваць, але пераканаўчая просьба выдаліць гэтае відэа! У нас ва ўніверсітэце добра функцыянуе студэнцкае самакіраванне, і ўсе пытанні, якія ўзніклі, вы можаце абмеркаваць з імі. Не кідайце цень на ўніверсітэт”, — адзначыла супрацоўніца ўніверсітэта.

Нагорная пры гэтым падкрэсліла, што «відэа не было знятае з мэтай кінуць цень менавіта на наш універсітэт, а тычыцца сістэмы нашай адукацыі ў цэлым».

Актывістка Руху “За Свабоду” называе гэтыя пагрозы незаконнымі: “ Думаю, што будуць валіць на курсавой. Пагрозы незаконныя. І парушаюць маё канструкцыйнае права”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі