Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў перапісныя лісты. 14 лістоў пытанняў, у тым ліку для грамадзян, якія часова пражываюць на тэрыторыі Беларусі, і тых, хто пражывае ў спецыялізаваных установах. Нават апытальнік па сельскагаспадарчай дзейнасці ёсць.
Сярод стандартных адказаў накшталт "выйшаў на пенсію", "вучуся на дзённай форме" і "атрымаў працу", ёсць такія, што “абезнадзейваюць”: "страціў надзею знайсці працу", "няма магчымасці знайсці працу" і "няма жадання працаваць".
У апытальнік па сельскай гаспадарцы да звычайных свіней, курэй, кароў і авечак раптам праніклі страусы, нутрыі і андатры. Тыповыя для беларускай сельскай гаспадаркі жывёлы. Бо ўсім вядома, што лепшая яечня з яек беларускіх страусаў. А малако нутрый чысты мёд.
Адказваючы на пытанне "ці плануеце вы дзяцей", можна быць няўпэўненым. А вось на наступнае пытанне: "Колькі дзяцей вы плануеце нараджаць?", можна як пазначыць дакладную колькасць дзяцей, так і адказаць, што "колькасць планаваных дзяцей не вызначаная".
Перапіс насельніцтва пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку 2019 года. Апошні такі перапіс праводзіўся 10 гадоў таму. Упершыню перапіс правядуць абсалютна без папяровых носьбітаў — з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў. Акрамя таго, анкету можна будзе запоўніць онлайн.