Мікалай Статкевіч
У пратэстаў 2020 года не было сапраўдных лідараў. Такое меркаванне выказвае ў сваім тэлеграм-канале Мікалай Статкевіч.
"У 2020-м лідарства са стратэгіяй, мэтамі, клопатам пра бяспеку ўдзельнікаў пратэстаў не было. Ніхто з кандыдатаў і палітыкаў не быў зарыентаваны на пратэст. Там панавалі іншыя арыентацыі і мэты. Некалі адзін аналітык вельмі трапна заўважыў, што беларуская апазіцыя, за рэдкім выключэннем, змагаецца не за ўладу, а за месца ў чарзе па ўладу", — піша экс-палітвязень.
Ён апісвае, як атрымлівалі месца ў такой "чарзе": трэба было паўдзельнічаць у "выбарах", набыць вядомасць, атрымаць нейкі рэйтынг, але ні ў якім выпадку не сесці ў турму.
"А потым, заняўшы пачэснае месца ў чарзе, сустракацца з замежнымі палітыкамі, атрымоўваць падтрымку і чакаць, пакуль рэжым неяк сам знікне і іх паклічуць на ўладу. Я называю такіх палітыкаў ждунамі", — не хавае сарказму Статкевіч.
Як прыклад ён згадвае, што некаторыя прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду не выказваліся на тэмы, важныя для будучыні Беларусі: "Даходзіла да таго, што ідзе кандыдат на "выбары" і хавае сваё стаўленне нават да незалежнасці, да праблем беларускай мовы, да будучых саюзаў Беларусі. Мабыць, каб не звязваць сабе рукі ў будучым гандлі імі, а пры гэтым яшчэ і хлусіць, што казаць пра гэта, згодна з выбарчым заканадаўствам, забаронена".
Паводле Статкевіча, новую ўладу будуць фармаваць не "ждуны" з чаргі, "а тыя, хто прыбярэ старую. Так бывае заўсёды".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут