"Стары Ольса" не змог зачапіцца за Амерыку

11/04/2018 - 15:32

Гурт "Стары Ольса" вярнуўся са свайго чацвёртага амерыканскага тура. За апошнія тры гады музыкі далі ў розных кутках ЗША 143 канцэрты, але так і не здолелі там зачапіцца. Яны адмовіліся ад пятага тура, бо не бачаць у ім асаблівага сэнсу, і пераключаюцца на Еўропу:


"Хочам прабіць накірунак у Брытанію і ў іншыя краіны Еўропы, бо адтуль бачым запыт прыхільнікаў. Нашу музыку і сярэдневечную культуру ў Еўропе разумеюць лепш. Гэта бліжэй і больш знаёма. Там фэсты лепшага ўзроўню, мы адчуваем сябе ў сваёй талерцы. Гэтага нам не хапае ў Амерыцы: амерыканскія фэсты ў большай ступені — гэта медыявал-Дысней-лэнд", — кажа ўдзельніца гурта Марыя Шарый падчас інтэрв'ю Еўрарадыё.

 

Па словах музыкаў, працяглыя туры па Амерыцы не давалі магчымасці аднавіцца. Стомленасць назапашвалася і парушала мікраклімат у калектыве. Таму цяпер было прынятае рашэнне паставіць Амерыку на паўтарагадовую паўзу. Лета "Старога Ольсы" ўжо распісанае еўрапейскімі фестывалямі сярэднявечнай музыкі. Удзельнікі гурта сталі "творчымі работнікамі", каб не лічыцца на радзіме дармаедамі, і збіраюцца ў будучыні паставіць Батлейку.


14 красавіка гурт ладзіць прэзентацыю апошняга альбома "Вада, хмель, солад" у Брэсцкім клубе "Фантазія". А 22 красавіка гурт выступіць у сталічным рэстаране "Друзья".

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі