Старшыня Зэльвенскага райвыканкама угаворваў вяскоўцаў выходзіць на працу

27/09/2024 - 08:01

 "Так, зараз выпіваю, але я ж нікому нічога дрэннага не раблю", — сказаў мужчына / zelwa.by

Старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі ўгаворваў вяскоўцаў выходзіць на працу. Як піша раённая газета, у Каралінскім сельвыканкаме разглядалі справы шасці чалавек, большасць з якіх злоўжываюць алкаголем. Там сабраўся "савет грамадскага пункта аховы правапарадку". Галоўнай праблемай, якая разглядалася, з'яўляюцца прагулы на працы, якія здараюцца з-за "празмернага ўжывання алкаголю".

"У мяне проста дзень нараджэння быў. Адзначыў добра. Калі б прыйшоў, то алкатэстэр паказаў бы наяўнасць алкаголю, — гаварыў палявод мясцовай гаспадаркі. — Таму і вырашыў застацца дома на два дні. Больш так рабіць не буду".

Адзін з жывёлаводаў пасля двух гадоў у лячэбна-працоўным прафілакторыі працяглы час трымаўся, але два месяцы таму зноў пачаў п'янстваваць і на працы перастаў з'яўляцца. Старшыню райвыканкама ён запэўніў, што выправіцца і пачне працаваць "з панядзелка". "Так, зараз выпіваю, але я ж нікому нічога дрэннага не раблю", — сказаў мужчына.

І паляводу, і жывёлаводу параілі лячэнне і прыгразілі звальненнем з працы, калі яны на ёй не з'явяцца.

Разглядаліся і справы шматдзетных маці, у якіх таксама праблема з алкаголем. Кіраўнік раёна заклікаў іх "задумацца над сваімі паводзінамі". А "замацаваў" прафілактычную гутарку праваслаўны святар, які заклікаў прысутных мужчын і жанчын далучацца да "праектаў цвярозасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі