Старшыня Дзяржкантролю: Чыноўнікі ЖКГ на месцах дзейнічалі “па паняццях”

21/04/2016 - 09:28

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў патлумачыў Еўрарадыё, чаму сярод затрыманых чыноўнікаў ЖКГ няма міністра камунальнай гаспадаркі.

Па словах старшыні КДК, на сёння сем чалавек з сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі “ўжо затрыманыя, яны сядзяць” за парушэнні, звязаныя з вызначэннем тарыфаў на паслугі ЖКГ ды іншыя парушэнні. Тым не менш, па словах Анфімава, зараз галоўнае, каб беззаконне з боку чыноўнікаў не спарадзіла “хвалю беззаконня з боку кантралюючых і праваахоўных органаў, калі на эмоцыях яны пачнуць затрымліваць людзей”.

Патрабуюцца неабвержныя доказы, што чыноўнікі парушылі заканадаўчыя нормы, толькі тады іх будуць затрымліваць. Што ж да міністра ЖКГ, то, па словах старшыні Камітэта Дзяржкантролю, прэтэнзіі да яго асабіста з нагоды налічэння платы па камунальных тарыфах выказваць не варта.

Леанід Анфімаў: “Там справа нават не ў павышаных тарыфах, а ў падабенстве іх прымянення. Калі не было метадычных рэкамендацый, тлумачэння, як прымяняць гэтыя тарыфы, і яны не дайшлі да самага нізу, да тых структур жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія запаўняюць і выстаўляюць насельніцтву да аплаты плату за жыллёва-камунальныя паслугі — яны пачалі дзейнічаць ўразнабой і па паняццях. Як ён разумее, так ён і робіць. Можа, там не зусім граматныя прымяненні тых тарыфаў і проста безадказнае стаўленне структур ЖКГ да налічэння платы за жыллёва-камунальная паслугі і прывялі да такой сітуацыі”.

Па словах Анфімава, за апошні час колькасць праверак, што праводзіць Дзяржкантроль, зменшылася ў сем разоў. І надалей іх колькасць будзе яшчэ змяншацца, кажа старшыня КДК: “Я нацэльваю сваіх супрацоўнікаў на тое, каб ішлі з праверкамі менавіта на праблемы, туды, дзе мы канкрэтна ведаем, што ёсць праблемы”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі