Кіраўніком Саюза кінематаграфістаў стаў прадзюсар з атачэння Віктара Лукашэнкі

08/05/2024 - 10:39

Яўген Арандарэвіч / @kinoprof

Замест актора Віктара Васільева, які кіраваў Беларускім саюзам кінематаграфістаў (далей — БСК) апошнія 17 гадоў, прызначаны Яўген Арандарэвіч, дырэктар кампаніі "Белраскіно". Пра гэта ў сваім інстаграме піша прадзюсар Ігар Кобзеў, адзін з кінематаграфістаў, якія ў 2021 годзе прапаноўвалі Лукашэнку зняць пра яго кампліментарны фільм з удзелам Олівера Стоўна. 

Як піша Кобзеў, задачы для сябе Арандарэвіч паставіў амбітныя: вывесці кінавытворчасць Беларусі на высокі сучасны ўзровень па ўсіх напрамках — ад стварэння айчынных серыялаў і фільмаў для беларускага гледача да маштабных фільмаў міжнароднага ўзроўню.

Што вядома пра Арандарэвіча

Новага кіраўніка БСК звязваюць шчыльныя працоўныя стасункі з "Беларусьфільмам". З нулявых гадоў ён там працаваў, а з 2010-х пачаў супрацоўнічаць як прыватны падрадчык. Яго студыя "Белраскіно" доўгі час стварала забаўляльны жанравы кантэнт невысокага мастацкага гатунку для расійскіх тэлеканалаў і анлайн-кінатэатраў. Самы знакаміты з іх — прапагандысцкі серыял "Рашн гейт", прысвечаны геапалітычнаму скандалу з удзелам спрытных расійскіх дыпламатаў і спецслужбаў.

Сярод сузаснавальнікаў бізнесаў Арандарэвіча ёсць былыя сілавікі з блізкага атачэння старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, Віктара. У сваім акаўнце ў Інстаграме Арандарэвіч публікуе здымкі са сходак байкераў і мотапрабегаў, у тым ліку H.O.G. Rally Minsk, які ў мінулым годзе ўзначальваў Віктар.

На студыі "Белраскіно" Арандарэвіча не абышлося без рэпрэсій. У мінулым студзені сілавікі затрымалі там супрацоўніка па фінансах Паўла Грыцэнку. Але як відаць, гэтае пытанне ў кіраўніцтва атрымалася вырашыць.

Што значыць замена кіраўніцтва Саюза кінематаграфістаў

Улады хочуць ствараць больш якаснага ідэалагічнага кантэнту. Для гэтага ў сферы кіно апошнім часам змянілася шмат кіраўнікоў. Летась на "Беларусьфільм" быў прызначаны гродзенскі ідэолаг і былы кіраўнік кінапраката вобласці Юрый Аляксей, а яго намеснікам нядаўна стаў Павел Скалабан — былы дырэктар мінскай сеткі дзяржкінатэатраў. Аддзел па кінематаграфіі ўзначаліла шматгадовая цэнзарка з Мінкульта Ірына Дрыга. Цяпер вось месца ў БСК заняў маладзейшы, павязаны з расіянамі Арандарэвіч.

Новыя гаспадары беларускага кіно актыўна ўзяліся праводзіць конкурсы сцэнараў, заклікаюць рэжысёраў супрацоўнічаць з дзяржаўнай студыяй і Мінкультам, прасоўваюць уласны кантэнт на тэлебачанні і ў дзяржаўнай сетцы кінатэатраў. 

Атрымліваецца з пераменным поспехам. На нядаўнім ток-шоу тэлеканала АНТ рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў наракаў на адсутнасць прафесійных кадраў і грошай у студыі. Зусім не знайшлося ахвочых напісаць сцэнар пра подзвігі беларускіх сілавікоў у 2020 годзе. А каб на новай стужцы пра вайну не было пустых залаў, заганяць туды гледачоў давялося з дапамогай лістоў з Мінкульта

Ці дадуць плён новыя прызначэнні? Раней такія спробы "мадэрнізацыі" кіно шляхам змены кіраўнікоў ні да якіх асаблівых эфектаў не прыводзілі. Беларускаму кінематографу неабходныя комплексныя рэформы ў падыходах да стварэння і прасоўвання кантэнту, а не проста чарговая змена менеджараў, якія нічога не могуць зрабіць у непаваротлівай і рэпрэсіўнай дзяржаўнай сістэме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі