Напад на катэдж пад Смалявічамі / Следчы камітэт
Следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы па нападзе на катэдж сям'і ў Смалявіцкім раёне, які адбыўся сёлета ў лютым. Тады трое нападнікаў збілі насельнікаў дома, але былі затрыманыя неўзабаве пасля злачынства.
Як заяўляюць следчыя, напад быў замоўлены. А матывам мог быць канфлікт дачкі пацярпелых з грамадзянскім мужам.
"Жанчына доўгі час пражывала ў адной з краін далёкага замежжа. Пасля звароту ў мясцовую паліцыю па факце збіцця сужыцелем той выказаў пагрозу прычыніць фізічную шкоду яе бацькам", — дзеляцца падрабязнасцямі ў Генпракуратуры.
Нападнікі не прызналі віну за нанясенне траўмаў. Яны заявілі, быццам планавалі толькі напалохаць пацярпелых і стварыць "страшную карцінку" для відэазапісу. Аднак у іх тэлефонах знайшлі паведамленні ад "куратара". Ён прасіў іх зламаць канечнасці мужчыну, а жанчыне — руку і біць бітай па суставах, а потым даслаць відэасправаздачу.
Следчы камітэт удакладняе, што двое нападнікаў раней здзяйснялі аналагічныя злачынствы на тэрыторыі Расіі. Усім нападнікам па 17-18 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут