Стала вядома, за што завялі справу на брэсцкага актывіста Дзмітрыя Бекалюка

20/05/2021 - 06:27
Дзмітрый Бекалюк / TUT.BY

Крымінальную справу супраць Дзмітрыя Бекалюка распачалі па ч. 2 арт. 380 КК РБ "Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў", паведамляе "Брэсцкая газета".

Бекалюк — адзін з лідараў руху супраць акумулятарнага завода ў Берасці (АКБ). У аўторак ўвечары да яго дадому прыйшлі з ператрусам.

Бекалюка падазраюць у тым, што ён нібыта падрабляў камандзіровачныя пасведчанні, каб не сядзець на карантыне. Яго праца цяпер звязаная з частымі паездкамі за мяжу. Актывіст распавёў журналістам аб праверцы, якую пракуратура праводзіць з сакавіка — вывучаюцца факты выкарыстання грамадзянамі фіктыўных камандзіровачных пасведчанняў. У рамках гэтай праверкі да яго ўжо прыходзілі з аглядам. Забралі ноўтбук, афіцыйныя камандзіровачныя і загады.

Акрамя таго, у пачатку красавіка пасля вяртання з чарговай камандзіроўкі ён хадзіў на размову ў пракуратуру.

"Пыталіся, чаму я так часта езджу за мяжу. Я адказваў, што працую, працую афіцыйна, плачу падаткі", – распавёў Бекалюк.

Калі да яго на гэтым тыдні прыйшлі з ператрусам, дома былі жонка з дзецьмі. Сам Бекалюк у цяперашні час знаходзіцца ў бальніцы. Са следчым ён гутарыў па тэлефоне.

"Ён мне сказаў, што па прадстаўленні пракуратуры ў дачыненні да мяне ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 380. Справу завялі толькі на мяне", — распавёў актывіст

Ён мяркуе, што такім чынам на яго спрабуюць аказаць ціск "як на чалавека, які тры гады прысвяціў барацьбе з акумулятарным заводам".

"Хочуць ці пасадзіць, або зрабіць маё жыццё невыносным, каб я з'ехаў за мяжу, выціснуць з краіны", — мяркуе Дзмітрый Бекалюк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі