Стала вядома, у якіх умовах трымаюць нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

01/10/2024 - 11:49

Алесь Бяляцкі на судзе / sb.by

Нобелеўскі лаўрэат міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі ў калоніі часта трапляе ў штрафні ізалятар і трапляў у ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Пра гэта "Нашай Ніве" расказаў экс-палітвязень Руслан Акостка, які адбываў тэрмін у той жа калоніі строгага рэжыму ў Горках. У ліпені Руслан вызваліўся і днямі пакінуў Беларусь.

"Упершыню мы сутыкнуліся з Алесем у сталовай. А так хоць мы і ў розных атрадах былі, але бачыў яго даволі часта. Не магу сказаць, што мы шмат размаўлялі. Адміністрацыя калоніі негатыўна ставіцца да камунікацыі з палітвязнямі. Калі заўважаць, могуць быць наступствы — у той жа ізалятар пасадзяць. І Алесь гэта цудоўна разумее. Ён мала размаўляе", — расказвае Руслан. Ён дадае, што часам ім удавалася перакінуцца парай словаў, але глыбока яны нічога не абмяркоўвалі.

Паводле Акосткі, у калоніі Бяляцкі схуднеў: "Але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Я ведаю выпадкі, калі людзі скідалі па 30 кілаграмаў, сам я схуднеў на 14 кілаграмаў".

Ён тлумачыць гэта цяжкай фізічнай нагрузкай і дрэнным харчаваннем. Тыповае меню ў калоніі Акостка апісвае так: зранку — аўсянка, на абед — пярлоўка, увечары — бульба. Часам бываюць рыбныя катлеты. Мяса трапляе ў талерку не кожнаму. Садавіну не даюць ніколі, гародніну — рэдка. Увосень-узімку часцей гатуюць салату з белакачаннай капусты.

Руслан кажа, што зняволеным дазваляюць набываць у мясцовай краме тавары штомесяц на чатыры базавыя (цяпер гэта 160 рублёў), калі ў яго "нармальна з паводзінамі". Сам ён быў "злосным парушальнікам", таму яму дазвалялася выдаткаваць толькі 80 рублёў. "А ў калоніі магчымасць набыць дадатковую ежу вельмі ўплывае на фізічны стан", — дадае экс-палітвязень.

Бяляцкі ў калоніі працуе на дрэваапрацоўцы. На яго складаюць акты за парушэнні — "за пыл за тумбачкай, за ручнік на нары ці за адзенне на спальным месцы".

Паводле Акосткі, на нобелеўскага лаўрэата часта накладаюць пакаранні: "Алеся часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён у ПКТ. Доўгі час Бяляцкаму не давалі звязацца з роднымі — памятаю, што ліст ён нарэшце атрымаў перад самым маім вызваленнем. Тэлефанаваць блізкім яму таксама не дазвалялі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі