Стала вядома пра адмену яшчэ аднаго музычнага фэсту ў Мінску

30/03/2026 - 15:17

У Беларусі адмянілі чарговы фэст / facebook.com/staricovsky

У Беларусі працягваецца хваля адмены оўпэн-эйраў. Стала вядома пра адмену чацвёртага з іх.

Следам за фэстамі "Сонцастаянне", Wostrau і Lidbeer пра адмену заявілі арганізатары Festiwow. Прычыны адмены, як пазначана, "не залежныя ад арганізатараў" — немагчымасць атрымаць гастрольнае пасведчанне. 

Арганізатары кажуць, што падрыхтоўка да фэсту выйшла на фінішную прамую: кантракты з артыстамі і партнёрамі былі падпісаныя, а продажы квіткоў павінны былі пачацца на днях.

"Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзенне нашага фестывалю, але, на жаль, закон ёсць закон. Для нас гэта было вялікім ударам… Дзякуй, што былі з намі гэтыя тры гады", адзначылі яны ў сваім Інстаграм-акаўнце.

Festiwow праходзіў на мінскім стадыёне "Дынама" ў 2024 і 2025 гадах. У ім удзельнічалі многія артысты з краін СНД: Saluki, Zoloto, Toxi$, Cream Soda, "Мая Мішэль", "Тры дні дажджу" ды іншыя.

На цяперашні момант на лета 2026 года ў Беларусі застаюцца толькі тры фэсты — Viva Braslav, belbet fest і пікнік VULITSA EZHA. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі