Стала менш бялізны: новыя нормы забеспячэння дзяцей, чые маці цяпер у калоніі

30/09/2021 - 15:40
Што змянілася ў нормах забеспячэння рэчамі малых? / Еўрарадыё

24 верасня на беларускім Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі новыя нормы ад МУС па "забеспячэнні адзеннем і абуткам дзяцей, мяккім інвентаром дамоў дзіцяці папраўчых устаноў".

Змены ў дзяржзабеспячэнні закрануць тых дзяцей, чые маці адбываюць пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі №4: малыя ва ўзросце да чатырох гадоў знаходзяцца ў Доме дзіцяці, размешчаным на тэрыторыі папраўчай установы.

Еўрарадыё параўнала дакументы 2006 і 2021 гадоў. Цяпер колькасць рэчаў па некаторых нормах забеспячэння скарацілі, у некаторых дадалі, а нейкія найменні і зусім прыбралі.

 

Чаго стане менш?

У 2006 годзе ў Доме дзіцяці маглі знаходзіцца дзеці да трох гадоў, цяпер — да чатырох. У 2021 годзе ў раздзелах "Бялізна сподняя і пасцельная" і "Пасцельныя рэчы" рэзкае скарачэнне колькасці рэчаў па большасці пунктаў. Тэрмін службы рэчаў пры гэтым амаль не мяняецца.

Некаторыя рэчы са спіса і зусім прыбралі: напрыклад, колькасць летніх і цёплых пялёнак скарацілі і аб'ядналі ў адзін пункт. У табліцы стала менш дзіцячых прасцін, навалочак, падкоўдранікаў, дзіцячых ручнікоў махровых і лазневых. Зменшылася колькасць дзіцячых матрацаў, хусцінак і каптурыкаў.

Дадалі курткі і туфлі

Таксама чыноўнікі вырашылі павялічыць на некалькі пунктаў норму па адзенні. Не па кожным з узростаў і не кожнае найменне, але ўсё ж.

Азнаёміцца з поўным пералікам абноўленых нормаў, якія датычацца дзяцей з Дома дзіцяці, можна тут. Таксама 24 верасня на pravo.by апублікавалі змененыя нормы забеспячэння грамадзян, якія знаходзяцца ў ЛПП. Абнавіліся і Правілы ўнутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі