“Спроба паказаць, што палітычны крызіс вырашаны”. Навошта прыдумалі апалчэнне?

08/06/2022 - 13:26

Пасля падзей 2020 года Аляксандр Лукашэнка гатовы нават на муху выходзіць з базукай, кажа палітолаг Павел Усаў. Навошта Лукашэнка прыдумаў апалчэнне і каго яно будзе абараняць? На гэтыя пытанні Усаў адказвае ў эфіры Еўрарадыё.

— Апалчэнне — гэта гульні на ўзроўні рыторыкі і рост мілітарысцкай істэрыі. Маўляў, вось-вось на нас нападуць, нам патрэбна мабілізавацца, аб’яднацца вакол прэзідэнта. Гэта таксама спроба паказаць, што палітычны крызіс вырашаны, а грамадства падтрымлівае Лукашэнку і гатовае бараніць рэжым.

Але за якія грошы гэтых людзей навучыць выконваць задачы? За якія грошы ўтрымліваць аператыўнае камандаванне, якое будзе праводзіць вучэнні? Ці ёсць у Лукашэнка рэсурсы, каб ствараць фільтры пры адборы ў апалчэнне?

— Я думаю, 50 тысячаў яны б назбіралі. Але ці тое гэта войска, якое будзе аддана, да апошняй кроплі крыві бараніць Лукашэнку? Я не думаю, что можна ў Беларусі назбіраць 100 тысячаў чалавек, падобных на Азаронка, пазбаўленых унутранай індывідуальнасці, для якіх акрамя Лукашэнка нічога не існуе.

Лукашэнка разумее, што вайна так ці інакш выйдзе і яму, і Расіі бокам і прынясе агромністыя страты. А апалчэнне — спроба прэвентыўна стварыць умоўную сетку баявых арганізацый, якія б не дапусцілі прарыву з боку Украіны. I магчымыя дзеянні тых вайсковых адзінак, якія сфармуюцца ва Украіне з беларусаў.

— “Вы будзеце ваяваць не супраць войска Лукашэнкі. Вы будзеце ваяваць супраць свайго народа, бо за мяне народ”. Вось асноўны пасыл Лукашэнкі. “Гэта не АМАП за мяне, не ГУБОПіК, гэта народ за мяне мурам, ён будзе мяне бараніць”. 

Магчыма, гэта закід не толькі ў бок Украіны, але і ў бок беларускіх добраахвотнікаў, бо мы бачам, што жаданне змагацца з сістэмай са зброяй у руках расце. І шмат з тых — не ўсе, — хто едзе змагацца ва Украіну, едуць з прыцэлам на тое, што гэта можа быць выкарыстана ў барацьбе з Лукашэнкам. Нават калі гаворка не пра паўстанне, але напужаны 2020 годам, калі сістэма не была падрыхтаваная да такіх паваротаў, ён гатовы нават на муху выходзіць з базукай, мабілізаваць грамадства.

Глядзіце поўную гутарку з Паўлам Усавым на нашым канале

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі