“Справядлівы свет” будзе збіраць подпісы за змяненне выбарчай сістэмы

29/10/2016 - 12:58

Партыя левых “Справядлівы свет” мае намер арганізаваць збор подпісаў пад законапраектам аб змене выбарчай сістэмы ў Беларусі — прапануецца перайсці на прапарцыйна-мажарытарны прынцып. Пра гэта заявіў намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў, выступаючы 29 кастрычніка з дакладам на VI пленуме цэнтральнага камітэта арганізацыі.

Паводле яго словаў, партыя можа падаць на рэгістрацыю ініцыятыўную групу, і ўладам складана будзе яе не зарэгістраваць.

“Калі не зарэгіструюць, то пакажуць усім сваё нежаданне нават разглядаць сур’ёзныя змены ў выбарчай сістэме. Калі зарэгіструюць, то дадуць нам магчымасць выстаўляць пікеты, адкрыта працаваць з людзьмі, пераконваць іх, што толькі змена дзеючай улады зможа палепшыць іх становішча”, — цытуе Ухналёва БелаПАН.

Намеснік кіраўніка “Справядлівага свету” таксама мяркуе, што ўдзел у зборы подпісаў могуць прыняць іншыя дэмакратычныя сілы Беларусі. На думку Ухналёва, сабраць 50 тысяч подпісаў, неабходных па Канстытуцыі для ўнясення законапраекту ў парламент, — “задача выканальная”.

На сёння ў Беларусі прымяняецца мажарытарная сістэма, згодна з якой дэпутаты ўсіх узроўняў і прэзідэнт выбіраюцца непасрэдна грамадзянамі-выбаршчыкамі. Пры змяшанай (прапарцыйна-мажарытарнай сістэме) на выбарах у прадстаўнічыя органы частка дэпутацкіх мандатаў размяркоўваецца паміж спісамі кандыдатаў прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў, калі яны пераадолелі працэнтны бар’ер.

Змяшаная сістэма прымяняецца ў многіх дэмакратычных краінах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі