Справу экс-намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка хутка перададуць у суд — СК

21/06/2024 - 09:28

Міхаіл Міхадзюк / bntu.by

Бліжэйшым часам крымінальная справа экс-намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка будзе перададзеная ў суд. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, перадае БЕЛТА.

Міхадзюка вінавацяць у атрыманні хабару. "Грашовыя сродкі гэты чалавек атрымліваў за забеспячэнне ўдзелу камерцыйнай кампаніі ў будаўніцтве высакавольтных падстанцый на тэрыторыі Беларусі", — кажа Дзмітрый Гара. Ён не ўдакладніў, пра якую камерцыйную кампанію ідзе гаворка і чыю краіну яна прадстаўляла.

Старшыня СК заявіў, што Міхадзюк пайшоў на супрацу і выдаў частку грошай, атрыманых у якасці хабару. Таксама экс-чыноўнік кампенсаваў тыя грошы, якія паспеў выдаткаваць.

Паводле Дзмітрыя Гары, справа не складаная і расследаванне знаходзіцца ў стадыі завяршэння.

Міхадзюк быў намеснікам міністра энергетыкі з 2005 года. Напрыканцы 2023-га яго звольнілі. А на нарадзе ў Лукашэнкі 14 чэрвеня раптам стала вядома, што экс-чыноўнік перабывае ў СІЗА, а крымінальную справу на яго пачалі яшчэ 26 студзеня 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі