"Спорт-экспрэс": зборнай Беларусі з-за санкцый пагражае нейтральны сцяг

11/08/2021 - 18:58

Амерыканскія санкцыі, уведзеныя супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, могуць прывесці да таго, што беларускія спартсмены будуць вымушаныя выступаць пад нейтральным сцягам. Пра гэта піша расійскае спартыўнае выданне "Спорт-экспрэс".

ЗША абвінавачваюць НАК Беларусі ў "адмыванні грошай, ухіленні ад санкцый, абыходзе візавых забаронаў і няздольнасці абараніць беларускіх спартсменаў ад палітычных рэпрэсій". Апошняй кропляй відавочна была справа беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай.

Выданне прагназуе, што амерыканскія санкцыі "будуць больш чым сур'ёзныя" і "расійскім спартсменам, якія збіраюцца мяняць спартыўнае грамадзянства на беларускае, варта сур'ёзна задумацца, ці апраўданая рызыка".

"Спорт-экспрэс" піша, што ніякія заходнія кампаніі цяпер не будуць мець справаў з беларускімі спартсменамі і спартыўнымі арганізацыямі. А гэта азначае, што не будзе спонсарскіх кантрактаў з сусветнымі брэндамі вытворцаў спартыўнай экіпіроўкі. Беларусі таксама "не свеціць" магчымасць прыняць у сябе ніякае міжнароднае спаборніцтва. Прагназуецца, што Міжнародны алімпійскі камітэт у бліжэйшы час разарве дачыненні з НАК Беларусі (дагэтуль ён быў пад санкцыямі МАК).

Расійскія журналісты прагназуюць, што варта чакаць "спартыўнай міграцыі" з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі