Джон Коўл / "Позірк"
Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за памілаванне чарговай групы палітвязняў. Таксама ён падкрэсліў, што мае даручэнне вызваліць усіх беларускіх палітвязняў.
"Дзякуй, прэзідэнт Лукашэнка, за памілаванне сёння 18 палітвязняў. Гэта яшчэ адзін важны крок у адносінах паміж ЗША і Беларуссю, бо прэзідэнт Трамп даручыў мне вызваліць усіх палітвязняў", — напісаў Коўл у сацсетцы Х.
Пра вызваленне 18 чалавек па памілаванні паведаміла 5 сакавіка прэс-служба Лукашэнкі. Пры гэтым адзначалася, што 15 з іх "здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці".
Большасць памілаваных склалі жанчыны — 11 чалавек, у шасці з іх ёсць дзеці, у тым ліку з інваліднасцю і патрэбай у пастаяннай медыцынскай рэабілітацыі. Таксама пад памілаванне трапілі дзве сямейныя пары, жанчына на апошнім месяцы цяжарнасці і асуджаная, якая пераступіла закон у 16-гадовым узросце.
Практыка вызвалення палітвязняў праз памілаванні доўжыцца з 2024 года. Папярэдняе масавае памілаванне адбылося 30 снежня: тады Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні 22 чалавек, сярод якіх 20 былі асуджаныя "за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці". 19 лютага ўказам была памілаваная Наталля Левая, асуджаная з палітычных матываў. Жанчына была на апошнім тэрміне цяжарнасці.
Пры гэтым у Беларусі працягваюцца затрыманні і новыя суды па палітычных матывах. Праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія зазнаюць пераслед з боку ўладаў.
На 5 сакавіка ў Беларусі налічвалася 1140 палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут