Расійскія турысты не змогуць паляцець у Егіпет з Беларусі, піша газета "Известия". Па звестках расійскага выдання, фірмы, якія адпраўляюць турыстаў у Егіпет з Мінска, не прадаюць туры расіянам.
Расія яшчэ 6 лістапада ўвяла забарону на паветраныя перавозкі ў Егіпет. Гэта адбылося пасля крушэння расійскага авіялайнера. Тым часам кампанія "Белавія" дагэтуль мае рэйсы ў Хургаду.
Аднак расіяне паляцець у Егіпет праз Беларусь не могуць. Так, прадстаўнікі туркампаніі "Тайм-Ваяж" паведамілі расійскім журналістам, што забарону ўвёў Памежны камітэт. "Калі ёсць забарона на вылет, то навошта рызыкаваць? Бо калі турыста не выпусцяць, то гатэль праплочаны, тур праплочаны, пералёт праплочаны — вядома, узнікнуць штрафы. І грошы турысту будуць вяртацца", — кажуць у кампаніі.
У іншай кампаніі, "Бібліа трэвэл", спаслаліся на тое, што расійскія турысты не могуць лятаць Егіпет згодна з указам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Памежны камітэт паведаміў, што ніякіх рэкамендацый туркампаніям не даваў. Гэтаксама адмовіліся ад падобных рэкамендацыяў МЗС і Мінспорту.