Следчыя распавялі падрабязнасці пра забойства дзяўчыны каля БДЭУ

06/10/2017 - 15:04

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску расследуе крымінальную справу па факце забойства дзяўчыны, цела якой знайшлі на вуліцы Васняцова ў сталіцы.

Следства выявіла, што сведкам забойства стаў таксовец. Каля 22-й гадзіны ён праязджаюў міма і пабачыў, як па вуліцы ідзе мужчына і цягне дзяўчыну. Калі таксовец спыніўся, мужчына ўцёк, пакінуўшы цела на зямлі. Дзяўчына не падавала прыкметаў жыцця, пра што таксовец паведаміў у міліцыю і хуткую дапамогу.

Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, выявіла, што смерць дзяўчыны мае крымінальны характар.

Яе асоба ўжо вядомая — гэта 21-гадовая ўраджэнка Гомельскай вобласці, якая працавала ў Мінску.

Падазронага па справе выявілі на працягу некалькіх гадзінаў. Гэта 21-гадовы непрацуючы ўраджэнец Ашмянскага раёна. Яго затрымалі, правялі допыт. Следчыя высвятляюць матывы злачынства і магчымую датычнасць іншых асобаў.

З месца здарэння эксперты ўзялі сляды рук, абутку, асабістыя рэчы, біялагічныя сляды, ноўтбук. Таксама дапытваюцца відавочцы, сваякі і знаёмыя загінулай.

Следчыя пачалі крымінальную справу за забойства. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі