Следчы камітэт выказаўся пра публікацыі па справе гімназіста Даната Скакуна

13/06/2017 - 13:52

Следчы камітэт Беларусі крытычна выказаўся пра публікацыі па справе мінскага гімназіста Даната Скакуна. У красавіку ён быў асуджаны за напад на настаўніцу рускай мовы і літаратуры на 8 гадоў зняволення ва ўстанове выхаваўчага тыпу. Здарэнне адбылося 23 траўня 2016 года ў гімназіі № 74. Па версіі следства, дзевяцікласнік наносіў удары жанчыне вострым і тупым прадметам, сведкаў пры гэтым не было. Нібыта, ён помсціў за адзнаку, якую палічыў несправядлівай. Аднак у сацыяльных сетках разгарнулася кампанія ў падтрымку Даната, яе ініцыятары лічаць, што ён невінаваты і не мог напасці на настаўніцу.

Як інфармуе БЕЛТА, Следчы камітэт заяўляе, што інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў шэрагу СМІ, недакладная, практычна не мае дачынення да крымінальнай справы і доказаў, якія ў ёй прысутнічаюць. Сцвярджаецца, што “нехта наўмысна дэзынфармуе грамадскасць, уводзячы яе ў зман”. “Са свайго боку мы разумеем, што адсутнасць поўнай інфармацыі аб крымінальнай справе запаўняецца рознага кшталту чуткамі, прыватнымі меркаваннямі, непраўдзівымі высновамі і домысламі”, — адзначаецца ў заяве. Следчы камітэт абяцае апублікаваць поўную інфармацыю па справе пасля ўступлення прысуду ў законную сілу. Гэта адбудзецца пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе Беларусі. Следчыя ж рэкамендуюць журналістам і грамадскасці ўстрымацца ад розных заяў да заканчэння судовага працэсу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі