СК заяўляе пра 1000 выяўленых карыстальнікаў "Новай Беларусі", Лібер абвяргае

29/05/2025 - 14:57

Павел Лібер

Следчы камітэт заявіў, быццам устаноўленыя больш за 1000 карыстальнікаў платформы "Новая Беларусь", якую рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкім фармаванне".

Фігурантам выставілі абвінавачванні. "Супрацьпраўная дзейнасць удзельнікаў фарміравання, у тым ліку актыўных карыстальнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, была спыненая праваахоўнымі органамі", — заяўляюць у СК.

Стваральнік "Новай Беларусі" Павел Лібер абвяргае гэтыя заявы. У сваім допісе ў сацсетках ён кажа, што сілавікі могуць прыходзіць да прадстаўнікоў бізнесу з баймапкі, думаючы, што гэта і ёсць "Новая Беларусь".

"Баймапка — асобны самастойны прадукт з асобнай камандай, які злучае людзей і бізнесы/сэрвісы за мяжой. Усе даныя там публічныя і адкрытыя(!), праект увогуле не палітычны.

Вы можаце ўбачыць кантэнт адтуль у аплікацыі SVAE (частка платформы "Новая Беларусь"), паколькі SVAE агрэгуе евенты, мітапы, бізнесы і іншае з адкрытых крыніц, але бізнесы самі не падаюцца ў SVAE — адпраўляе на сайт баймапкі", — тлумачыць Лібер.

Ён падкрэслівае, што сайт баймапкі не мае экстрэмісцкага статусу. Таму прадстаўнікі бізнесу не парушаюць заканадаўства Беларусі.

"Калі вы хвалюецеся за сваю бяспеку, вы можаце выдаліць свой бізнэс — на сайце баймапкі ёсць асабісты кабінет.

Сілавікам пажадаю лепш разабрацца ў прадуктах і канчаткова забыцца, што нехта захоча вяртацца дадому, будучы абвінавачаным наогул без прычын", — дадае стваральнік "Новай Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі