Шумчанка напісаў зварот да Лукашэнкі наконт малога бізнэсу

28/12/2015 - 15:52

Старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку. Ад індывідуальных прадпрымальнікаў ён просіць увесці з 1 студзеня 2016 года мараторый на ўказы №222 і №48, перадае tut.by. Гэтыя ўказы рэгулююць дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў і пераводзяць іх дзейнасць пад тэхнічныя рэгламенты.

Як вядома, з 1 студзеня згодна з указам №222 іпэшнікі павінны прадаваць імпартныя тавары лёгкай прамысловасці толькі з суправаджальнымі дакументамі. Гэтая норма мусіла працаваць з 1 сакавіка 2015 года, але яе ўвядзенне было перанесенае, калі прадпрымальнікі сталі масава спыняць працу па ўсёй Беларусі.

Шумчанка прапануе Лукашэнку стварыць працоўную групу з індывідуальных прадпрымальнікаў пры Адміністрацыі прэзідэнта. Гэтая група занялася б выпрацоўкай аптымальнага рашэння па рэгуляванні дзейнасці ІП з улікам цяперашняй сітуацыі.

Усе гэтыя прапановы былі агучаныя на форуме прадпрымальнікаў, які адбыўся 14 снежня ў Мінску.

"Заклікаю цвяроза і аб'ектыўна ацаніць становішча і рэальнасць, і зыходзячы з гэтага прыняць дакладнае рашэнне для простых людзей, якія хочуць толькі аднаго — спакойна і без узрушэнняў жыць і працаваць у сваёй краіне ў 2016 годзе", — заяўляе Шумчанка ў сваім звароце.

Фота: tut.by

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі