Shuma рыхтуе "акіянічны" канцэрт, для якога сабрала жаночы хор

15/11/2017 - 12:09

Этна-электронны гурт Shuma рыхтуецца да канцэрта, які пройдзе 26 лістапада у сталічным клубе "Бруге". Гэтым разам канцэрт (музыкі называюць свае выступы гіпнасесіямі) будзе прысвечаны воднай стыхіі.


"Мінулая наша гіпнасесія была пра лес. Там былі пахі і гукі лесу. А цяпер фішкай канцэрта будзе тэма вады. Яна будзе ўвасобленая візуальна. Таксама наш гукаінжынер робіць акустычную прастору пра акіян, ваду, дождж. Пад трэкі мы падкладваем шум акіяна. Чалавек нібыта вынырвае з-пад вады", — інтрыгуе лідарка гурта Руся. Спявачка кажа, што апроч з песень з абодвух альбомаў Shuma, будуць прадстаўлены і новыя трэкі.


Яшчэ адным сюрпрызам для фэнаў "Шумы" стане Shuma-хор. У ім спяваюць аматаркі народных песень, якіх абіралі праз кастынг. З 35 прэтэндэнтак Руся і Надзея Чугунова выбралі 10 дзяўчат. 

"Я вырашыла паўдзельнічаць у канцэрце, бо мне вельмі падабаецца гурт Shuma і тое, як яны робяць апрацоўкі беларускіх народных песень. Я сама спрабую займацца спевамі, хаджу ў невялікі гурток, дзе мы развучваем розныя спевы па аўдыязапісах. І досвед з Shuma — гэта натхненне і спроба ўбачыць сябе ў іншым кантэксце. Да таго ж я вельмі люблю выступаць", — кажа Алёна, сапрана ў Shuma-хоры.


На рэпетыцыі хор дзяўчат збіраецца два разы на тыдзень. Спеўкі праходзяць у "Сямейным падворку": прастору прапанавала гаспадыня "падворка" Наста Базар, якая таксама спявае ў хоры.

Надзея Чугунова распявае харыстак. Наста Базар — з сінімі дрэдамі

Спачатку ўдзельніца "Шумы" Надзея Чугунова, выкладчыца спеваў па адукацыі, займаецца з харысткамі дыханнем і распеўкамі. Руся тлумачыць фішкі спеву на субтоне. Потым дзяўчаты пераходзяць да песень. Развучваюць і паўтараюць партыі. Нехта прывыкае да электроннага акампанементу. 


"Я прадстаўнік афіцыйнага боку. Выкладаю народныя спевы ва Універсітэце культуры. Вырашыла прыйсці ў тусоўку і паглядзець, як гэта робіцца ў іншым полі", — прызнаецца Алеся з моцным высокім голасам.

"У вас такі знаёмы голас, дзе я магла яго чуць?" — звяртаецца да Русі адна з дзяўчат, якая ўпершыню завітала на рэпетыцыі. "На вакзале", — адказвае хор.


"Мы вырашылі запрасіць толькі жанчын, таму што песні нашы — жаночыя, мы жанчыны, і нам захацелася жаночай сінергіі. Гэта вельмі класная практыка, якая бадзёрыць і нас, і дзяўчат", — тлумачыць Руся сэнс жаночага хору. 

Валерыя Валадзько кажа, што мае шмат вольнага часу, ёй падабаецца музыка Shuma, таму вырашыла таксама паспяваць у "Шума-хоры"

Да хору таксама далучыліся Валерыя Валадзько з гурта Harotnica і аўтар гэтага матэрыялу. Скажу вам, до другой актавы мне даводзілася браць у далёкія часы вучобы ў музычным каледжы. І паўтарыць гэты досвед, зліцца ў адзіны гук, адчуць энергію суседкі — цудоўны зарад для арганізму. Увогуле, у нас атрымліваецца добры хор. Да таго ж, ён будзе цікава выглядаць візуальна. Што за песні мы выканаем, трымаецца ў таямніцы. Але гэта варта бачыць і чуць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі