Ботаферма / mvs.gov.ua
Штучны інтэлект (ШІ) не стварыў тэхналогію прапагандысцкага ўплыву, але зрабіў яе танней, хутчэй і маштабней. Пра гэта заявіла дырэктарка ініцыятывы "Сумленныя людзі" Лена Жываглод, выступаючы на мерапрыемстве "Штучны інтэлект: алгарытм свабоды ці лічбавы аўтарытарызм?".
На яе думку, боты і тролі і раней выкарыстоўваліся для імітацыі грамадскай думкі і ўплыву на вынікі выбараў, аднак генератыўны ШІ дазваляе хутка ствараць вялікую колькасць каментарыяў, пастоў, малюнкаў, відэа і дыпфейкаў, адаптуючы іх пад розныя аўдыторыі. Для гэтага больш не патрабуюцца тысячы супрацоўнікаў на "фабрыцы троляў".
"Штучны інтэлект не адкрыў гэтую тэхналогію ўплыву. Ён зрабіў такія аперацыі больш танымі, хуткімі, маштабнымі і персаналізаванымі", — падкрэсліла Жываглод.
Паводле яе даных, выкарыстанне падобных інструментаў Расіяй ужо пацверджана міжнароднымі даследаваннямі, матэрыяламі Міністэрства юстыцыі ЗША і справаздачамі OpenAI.
У выпадку з Беларуссю, адзначыла Жываглод, маштабных задакументаваных даследаванняў пакуль недастаткова: прапагандысцкія каментарыі і кампаніі ўплыву заўважныя, але нельга сцвярджаць, што кожны бот або каментарый створаны з дапамогай ШІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут