Вакцына ад каранавіруса / ft.com
Нямецкая кампанія BioNTech сумесна з амерыканскай Pfizer выпусціла самую перспектыўную на сёння вакцыну ад COVID-19. Вытворцы гавораць пра яе 90-адсоткавую эфектыўнасць і вяртанне да "нармальнага жыцця" да зімы 2021 года. Хто ўжо закупіў прэпарат і што вядома пра выпрабаванні новай вакцыны?
Падыход такі: у арганізм уводзяць частку генетычнага кода каранавіруса, каб падрыхтаваць нашу імунную сістэму да барацьбы з ім. Трэба зрабіць два ўколы прышчэпкі BNT162b2 з перапынкам у тры тыдні.
Клінічныя выпрабаванні паказалі, што праз тыдзень пасля другой ін'екцыі рызыка захварэць на COVID-19 зніжаецца на 90%. Адзінае: яшчэ невядома, на працягу якога часу захоўваецца імунітэт і ці будзе вакцына гэтаксама эфектыўная для пажылых людзей.
Выпрабаванні любой вакцыны праходзяць у тры фазы. У першых дзвюх вывучаюцца бяспека, пабочныя дзеянні, падбіраецца патрэбная дазіроўка. У апошняй — самай маштабнай па колькасці ўдзельнікаў — вывучаецца эфектыўнасць прышчэпкі.
Pfizer і BioNTech першымі ў свеце завяршылі фінальную фазу клінічных выпрабаванняў. Вытворцы даследавалі рэакцыі 43 538 добраахвотнікаў. Частка атрымала рэальную вакцыну, частка — плацэба.
94 добраахвотнікі ўсё ж захварэлі на каранавірус.
Еўракамісія абвясціла, што плануе набыць 300 мільёнаў доз BNT162b2. Таксама Financial Times піша, што кантракт на пастаўку 40 мільёнаў доз ужо заключыла Вялікабрытанія, 100 мільёнаў доз — ЗША, 10 мільёнаў — Аўстралія. Чакаецца, што першымі атрымаюць вакцыну развітыя краіны.
Да канца года Pfizer і BioNTech плануюць вырабіць 50 мільёнаў доз вакцыны, а ў 2021 годзе — 1,3 мільярда доз. Прыбытак вытворцаў можа дасягнуць 13 млрд долараў.
Не зусім. У спецыялістаў застаецца нямала пытанняў да эфектыўнасці новай вакцыны. А менавіта: ці абароніць прышчэпка пажылых людзей і людзей з групы рызыкі, як доўга будзе захоўвацца імунітэт і ці зніжае вакцына рызыку перадачы інфекцыі ад бессімптомных носьбітаў.
Таксама праз асаблівасці BNT162b2 могуць узнікнуць праблемы з яе транспартаваннем і прымяненнем. Вакцыну трэба захоўваць пры тэмпературы, не вышэйшай за -70 градусаў па Цэльсію, і спажыць на працягу пяці дзён пасля размарозкі. Для транспартавання такой вакцыны неабходная дарагая інфраструктура. Напрыклад, Мексіка ўжо заявіла, што не гатовая набыць BNT162b2 праз адсутнасць такога абсталявання.
Прэпарат BioNTech/Pfizer — гэта не адзіная вакцына ад COVID-19. Фінальныя фазы тэставання праходзяць 12 ухваленых СААЗ прэпаратаў, шэсць з іх папярэдне ухвалены да ўжывання ў абмежаваных маштабах.
Сёння, напрыклад, амерыканская кампанія Moderna заявіла, што яе вакцына ад каранавіруса эфектыўная на 94,5%. У найбліжэйшыя тыдні вытворца разлічвае зарэгістраваць прэпарат. Гэта вакцына захоўвае свае ўласцівасці на працягу месяца, калі яе захоўваць у звычайных халадзільніках, а пры пакаёвай тэмпературы — на працягу 12 гадзін. Гэта значна спрашчае працэс яе транспартавання ў параўнанні з вакцынай Pfizer.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.