SPF патрэбны не толькі на пляжах з пальмамі, але і ў горадзе / Getty Images
Мы прывыклі да сонцаахоўных сродкаў на пляжах. Там усё проста: трэба чымсьці памазаць сябе, каб не згарэць. Але сонцаахоўныя сродкі (санскрыны) патрэбныя не толькі на пляжах і не толькі для цела — іх рэкамендуецца наносіць на твар увесь сезон высокага ультрафіялетавага выпраменьвання, то-бок у кантэксце Беларусі як мінімум з мая да верасня, а лепш — і ў іншыя месяцы.
Што такое SPF, як выбраць абарону ад сонца і для чаго гэта наогул трэба — у тэксце Еўрарадыё.
Сонцаахоўныя сродкі патрэбныя не толькі для таго, каб не згарэць. Яны блакуюць ультрафіялетавыя прамяні (УФ). Пра тое, што ўздзеянне сонца паскарае старэнне скуры, навукоўцы ведаюць ужо даўно — гэта даказана мноствам даследаванняў (напрыклад, раз і два).
Вас не палохае старэнне скуры? Тады яшчэ адзін факт: празмернае ўздзеянне УФ-выпраменьвання — прычына раку скуры.
SPF расшыфроўваецца як sun protection factor (фактар абароны ад сонца). Так называюць сродкі (крэмы, гелі і флюіды), якія дапамагаюць зніжаць уздзеянне УФ на скуру. Яшчэ адна назва — санскрын.
На ўпакоўках санскрынаў побач з літарамі SPF стаяць колькасці — як правіла, у дыяпазоне ад 30 да 50. Ёсць і меншыя значэння, але Амерыканская акадэмія дэрматалогіі, напрыклад, лічыць аптымальным SPF, не меншы за 30.
Гэтая лічба азначае тое, у колькі разоў павялічваецца час знаходжання на сонца да пачырванення скуры і як блакуюцца ультрафіялетавыя прамяні. Напрыклад, SPF 15 блакуе 93% ультрафіялетавых прамянёў тыпу Б (UVB), SPF 30 — 97%. Таксама на ўпакоўках можа быць абрэвіятура UVA — гэта ультрафіялетавыя прамяні А, якія больш уплываюць на старэнне скуры.
У ідэале варта выбіраць той сонцаахоўны сродак, які паглынае і UVB, і UVA. Аптымальным можа быць SPF 30, але калі вельмі сонечна і вы доўга будзеце на сонцы — бярыце 50.
Для нармальнай скуры тып сонцаахоўнага сродку можа быць не такі прынцыповы. Для схільнай да тлустасці лепш падбіраць гель або флюід, яны бываюць нават матавальнымі (напрыклад, з дадаваннем ніяцынаміду). Для сухой лепшы будзе крэм, ён заадно можа ўвільгатніць скуру. Таксама сустракаюцца іншыя формы, напрыклад, спрэй, але ён можа дадаць скуры лішняга бляску.
З SPF бывае і дэкаратыўная касметыка, але абарону ад сонца лепш выбіраць асобную. Пабочныя эфекты ад сонцаахоўных сродкаў бываюць рэдка: праверце, ці няма ў складзе чагосьці, на што ў вас алергія.
Наносіце сродак перад выхадам на сонца, чакаеце, пакуль ён усмокчацца, — і можаце ісці. Бываюць вільгацеўстойлівыя SPF, так што вады можна не баяцца. Куды: на твар і, як кажуць дэрматолагі, на ўсе адкрытыя ўчасткі скуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут