У часе пратэстаў супраць інтэграцыі / Reuters
Нягледзячы на крывавую вайну супраць Украіны, многія беларусы працягваюць добра ставіцца да Расіі — нават калі пры гэтым асуджаюць і сам напад, і Пуціна. Чаму? Як Беларусы выбіраюць паміж Расіяй і Захадам у культурным сэнсе? Гэтаму было прысвечана новае даследаванне сацыёлагаў з Chatham House.
Мяркуючы па выніках даследавання, у 62% беларусаў ёсць сваякі, якія жывуць за мяжой. З іх у 69% родныя ёсць менавіта ў Расіі, на другім месцы з вялікім адставаннем ідзе Украіна (29%), на трэцім — ЗША (20%).
Дзейная шэнгенская віза, мяркуючы па апытанні, ёсць толькі ў 5% беларусаў (улічваюцца толькі тыя, што пражываюць у краіне), плануюць яе атрымаць каля 17%.
Прадказальна, што за апошнія пяць гадоў часцей за ўсё беларусы выязджалі менавіта ў Расію: 46% кажуць, што былі там самі, а ў 51% выязджалі сваякі. Для параўнання: у Польшчу выязджалі 15%.
Калі б быў выбар, дзе працаваць, то 38% беларусаў адзначаюць Захад, а 33% — Расію. Вагаюцца 29%.
Самыя частыя адказы на пытанне "чаму Захад?" — фінансавы аспект, вышэйшы ўзровень жыцця і наяўнасць свабоды і дэмакратыі. Выбар Расіі часцей аргументуюць менталітэтам, мовай і... "Радзімай".
Мяркуючы па выніках даследавання, беларусы пазітыўна ставяцца да заходняй культуры, але сябе да яе звычайна не адносяць. Сярод тых, хто бываў у Еўропе, больш тых, хто адносіць сябе менавіта да заходняй культуры.
У цэлым да заходняга ладу жыцця негатыўна ставяцца 23% беларусаў, 53% — пазітыўна, астатнія не змаглі адказаць. Тыя ж 23% лічаць, што заходняя культура ўплывае адмоўна на Беларусь, станоўча — 56%.
Цікава, што ацэнкі характару ўплыву заходняй і расійскай культур на розныя аспекты жыцця, ад мастацкіх густаў да стаўлення да працы, не моцна адрозніваюцца: ва ўсіх выпадках беларусы ацэньваюць уплыў хутчэй пазітыўна.
64% беларусаў выступаюць за паляпшэнне сувязяў з Захадам, адназначна супраць толькі 13%. Пры гэтым крокаў тут чакаюць і ад саміх краін Захаду: 74% беларусаў хацелі б, каб былі знятыя або частка, або ўсе санкцыі.
Падводзячы вынікі, аўтары даследавання пішуць: "Расія ўспрымаецца як краіна з найбольшым палітычным уплывам на Беларусь, і яе культуру часцей за ўсё лічаць прывабнай".
"Галоўная асаблівасць расійскага ўплыву — культурная блізкасць. Так, беларусы, якія жадаюць жыць і працаваць у Расіі, часцей тлумачаць гэта блізкім светапоглядам, агульнай мовай і прыхільнасцю. Беларусы часцей адзначаюць пазітыўны ўплыў Расіі, чым Захаду, на адносіны паміж людзьмі і стаўленне да працы", — адзначаюць даследчыкі.
Цалкам азнаёміцца з вынікамі апытання можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут