Школа ў Кобрыне хоча змусіць бацькоў вучняў плаціць за абслугоўванне турнікетаў

03/10/2024 - 16:16

Турнікет у школе, ілюстрацыйнае фота / TUT.by

У кобрынскай сярэдняй школе №4 на пачатку навучальнага года пачалі ставіць прапускныя турнікеты. Абслугоўваннем іх будзе займацца прыватная кампанія. Кіраўніцтва школы настойліва рэкамендуе бацькам вучняў заключыць з ёй дамовы і плаціць за ключ-пропуск і штомесячнае абслугоўванне турнікетаў, піша "Зеркало".

Пры гэтым бацькоў палохаюць: калі яны плаціць не пагодзяцца, іх дзеці будуць чакаць уваходу ў школу пасля таго, як пройдуць усе "платнікі".

Адзін з бацькоў расказаў журналістам, што фірме "ІнфаПост" трэба заплаціць па 6 рублёў за карту-пропуск, а потым штомесяц плаціць 3-4 рублі за абслугоўванне (у залежнасці ад абранага тарыфу).

"Дзеці часта губляюць свае рэчы, і ў выпадку страты карты трэба будзе рабіць дублікат, таксама за 6 рублёў. Атрымліваецца, у нас бясплатная адукацыя з платным уваходам у школу", — абураецца кобрынец. Паводле яго, турнікеты з'явіліся і ў іншых школах горада, але толькі ў іх установе грошы на абслугоўванне збіраюць з бацькоў вучняў.

Журналіст затэлефанаваў у школу пад выглядам аднаго з бацькоў. Дырэктарка ўстановы Алена Фігурына адказала: "Я запушчу турнікеты толькі тады, калі дамовы будуць падпісаныя бацькамі ўсіх вучняў, і толькі пасля таго, як усе яны паступяць да мяне".

Пры гэтым яна дадала, што дамову з кампаніяй "ІнфаПост" абавязаныя будуць заключыць усе бацькі: "Не, калі ў вас ёсць картка навучэнца, то мне будзе неабходна перадаць дадзеныя ў ТАА "ІнфаПост". Таму дамову вам трэба падпісаць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі