Пратэсты прадпрымальнікаў у 2008 годзе / Reuters
У ліпені Аляксандр Лукашэнка зноў даў заданне ўладам разабрацца з "каласальным афшорам" з ІП. Такая рыторыка не новая, і нядаўна ў сеціве з'явіўся праект паправак у Падатковы кодэкс, аднак пакуль невядома, ці сапраўдны гэта дакумент. А з 17 жніўня ў Мінску на няпэўны тэрмін спынілі рэгістрацыю ІП.
На думку экспертаў, новаўвядзенні ў апублікаваным дакуменце цалкам могуць аказацца сапраўднымі. Прынамсі, яны гармануюць з заявамі і паводзінамі ўладаў.
Еўрарадыё разабралася, у чым сутнасць змен для ІП і чаму яны негатыўна адаб'юцца на працы прадпрымальнікаў і эканоміцы ў цэлым.
Сярод меркаваных змен — забарона для ІП на выкарыстанне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Стаўкі падаткаў па ССП складаюць 5% ад выручкі для тых, хто не плаціць ПДВ. І 3% для плацельшчыкаў ПДВ.
З прыняццем новаўвядзенняў ІП могуць быць пераведзеныя на агульную сістэму падаткаабкладання. Тады плаціць давядзецца ўжо 16% ад выручкі з вылікам расходаў. Таксама з'явяцца расходы на бухгалтара і ўскладніцца вядзенне дакументаў. Пры ССП адміністраванне нашмат прасцейшае.
З 2023 года можа быць адменены і адзіны падатак для большасці відаў дзейнасці ІП.
На думку сябра праўлення і эксперта Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў, дарадцы па падатковых пытаннях адвакацкага бюро "Гарэцкі і партнёры" Наталлі Зварано, спыненне рэгістрацыі ІП у Мінску не звязанае з магчымымі ўзмацненнямі жорсткасці падатковага заканадаўства для іх.
— У абласцях працягваюць рэгістрацыю ІП. Хутчэй за ўсё, там сапраўды ёсць нейкая тэхнічная праблема. Магчыма, нейкае новае ПЗ усталёўвалася і нешта з ім пайшло не так. Па фактуры звязваць гэта з дакументам не бачу падстаў, — кажа Наталля Зварано. — Тое, што прапісана ў дакуменце, гісторыя даўняя і звязаная з выказваннем Лукашэнкі пра тое, што ІП выкарыстоўваюцца ў розных схемах мінімізацыі падаткаў.
Акрамя таго, на думку чыноўнікаў, арганізацыі, якія карыстаюцца ССП, робяць не такі вялікі ўнёсак у папаўненне бюджэту, хоць іх выручка дазваляе плаціць больш.
Суразмоўніца адзначае, што калі разглядаць толькі мэту па павелічэнні даходнай часткі бюджэту, то падвышэнне падаткаў у любой краіне мае эканамічны сэнс. Аднак канкрэтна беларускую сітуацыю з ІП трэба ацэньваць комплексна.
— Фіскальная сістэма — неад'емная частка эканамічнай сістэмы, і ўсякія змены ў падыходах збірання падаткаў непазбежна адбіваюцца на эканоміцы і эканамічным клімаце ў цэлым. Праблема ў тым, што пакуль мы не ведаем, ці сапраўдны гэта дакумент, і не бачым абгрунтавання. Магчыма, там улічаны наступствы.
Уклад ІП у ВУП у 2020 годзе склаў 3,1%. Гэта крыху больш чым 1,86 млрд долараў.
— Пры гэтым мы не ведаем, колькі з іх працавалі па ССП. У працэнтных суадносінах 3,1% — гэта няшмат, але гэта катэгорыя ацэначная. Мы ж не можам казаць, што проста страцім ІП. Бо гэта канкрэтныя людзі.
Значыць, будзе катэгорыя фізічных асоб, якая ўсё роўна будзе суб'ектам падатковых адносін. Адпаведна, гэты суб'ект падатковых адносін трапіць у нейкую падатковую катэгорыю, — кажа Наталля Зварано.
Тут у ІП два шляхі. Калі індывідуальныя прадпрымальнікі не захочуць пераходзіць на агульную сістэму падаткаабкладання, то давядзецца стаць самазанятымі.
Для самазанятых прымяняецца адзіны падатак. Яго велічыня ўсталёўваецца ў залежнасці ад віду дзейнасці і тэрыторыі, на якой вядзецца дзейнасць. Сумы ў месяц могуць вар'іравацца ад 9 рублёў да 143 рублёў.
Пры гэтым не ўсе ІП змогуць перайсці ў статус самазанятых, бо сферы дзейнасці для іх абмежаваныя. Рабочых месцаў для іншых самазанятыя таксама ствараць не могуць.
— Гэтая норма актыўна абмяркоўваецца. Больш за тое, мяркуючы па паводзінах і па меркаванні Мінфіна і Савета Міністраў, яна ўжо практычна вырашаная загадзя. Тут, безумоўна, дамінуюць ваенна-ідэалагічныя, а не сацыяльна-эканамічныя фактары. Проста вырашана ўкачаць у асфальт і абмежаваць магчымасці такой арганізацыйна-прававой формы, як ІП, і яшчэ больш рэгуляваць дзейнасць ІП і самазанятых.
Пры такіх падыходах якіх-небудзь важкіх абгрунтаванняў змен у Падатковы кодэкс чакаць не варта, упэўнены эксперт.
— Каля мільёна людзей з'ехала за мяжу. Апошнія падзеі прымусілі да выезду яшчэ каля 250–300 тысяч чалавек. У рэжыме, калі Польшча, Літва, Германія ствараюць спрыяльныя ўмовы канкурэнцыі на рынку працы, натуральна, такога роду міграцыя будзе вітацца імі. Ім патрэбны маладыя здаровыя людзі, якія не ўязджаюць у краіну па падачкі з бюджэту, а будуць працаваць.
Эканаміст лічыць, што некалькі дзясяткаў тысяч прадпрымальнікаў вырашаць будаваць бізнес за мяжой. Іншыя будуць ісці ў ценявую эканоміку.
— Шкода ад гэтага будзе вылічацца не трыма адсоткамі ВУП, а значна больш сур'ёзнай сумай, якая ў доўгатэрміновай перспектыве перавышае мільярды долараў, — робіць выснову Яраслаў Раманчук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут