Відэакамера, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У Эканамічным судзе Мінска пачаўся працэс банкруцтва кампаніі "24×7 Паноптэс". Некалькі гадоў таму яна трапіла пад заходнія санкцыі.
З судовых матэрыялаў, якія вывучыла выданне Office Life, вынікае, што кампанія была зарэгістраваная ў 2016 годзе. На сёння яе адзіным удзельнікам з'яўляецца Дзмітрый Калашук. У працэсе ліквідацыі фірма знаходзіцца яшчэ з канца 2025 года.
Яе крэдыторская запазычанасць складае 5,3 млн рублёў. На банкаўскім рахунку кампаніі ёсць толькі 10,2 тыс. рублёў.
У 2017 годзе кампанія "24×7 Паноптэс" стала тэхнічным аператарам рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Яна распрацавала платформу для апрацоўкі даных, атрыманых пры вулічным відэаназіранні.
У 2022 годзе фірма "24×7 Паноптэс", як звязаная з IT-кампаніяй "Сінезіс", трапіла пад санкцыі ЗША. Адначасова з гэтым "Белтэлекам" атрымаў статус адзінага аператара сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. У выніку "Белтэлекам" і ранейшыя распрацоўшчыкі сістэмы відэаназірання мадэрнізавалі і пашырылі сістэму маніторынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут