Шэнгенскія візы падаражаюць да 80 еўра, але стануць больш даступнымі

14/03/2018 - 13:50

14 сакавіка на сайце Еўракамісіі з’явілася паведамленне пра меркаваныя змены візавых правілаў ЕС. Паводле інфармацыі ЕК, прапанаваная рэформа “зробіць працэдуру атрымання віз для законапаслухмяных вандроўнікаў лягчэйшай і хутчэйшай”. Калі рэформа візавых правілаў будзе завершаная, не ўдакладняецца, але ўжо вядома, што кошт візы вырасце: консульскія зборы мяркуецца павысіць з 60 да 80 еўра.

І нават калі перамовы паміж Мінскам і Бруселем аб змяншэнні кошту віз да 35 еўра паспяхова завершацца, таннага “шэнгену” нам не ўбачыць. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Мельянцоў: “Калі кошт шэнгенскай візы павышаецца да 80 еўра, то атрымліваецца, што кошт для нас, у тым выпадку, калі будзе падпісаная дамова аб змяншэнні кошту віз, усё адно будзе вышэйшы на гэтыя 20 еўра. А калі дадаць сюды яшчэ розныя візавыя цэнтры, якія бяруць дадатковую аплату, то ў выніку мы атрымаем тыя ж 60 еўра”.

Па словах палітолага, “справа з Еўракамісіяй у нюансах”, і магчыма, што ў выніку перамоў беларускі бок здолее нечага дамагчыся для беларусаў. Тым не менш, кажа Дзяніс Мельянцоў, ініцыятыва Еўракамісіі дадасць дадатковы пункт у перамовы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі