СБУ параіла рэжыму Лукашэнкі думаць пра лаву падсудных у Гаазе

26/04/2024 - 17:24

Аляксандр Лукашэнка і раней згадваў, што яго хочуць адправіць у Гаагу / kommersant.ru

Прэс-служба Службы бяспекі Украіны адрэагавала на сітуацыю з дзвюма кіеўскімі бальніцамі, якія ў пятніцу эвакуявалі з-за ўчорашняй заявы старшыні КДБ Івана Тэртэля. СБУ заклікае "ўспрымаць любыя заявы прадстаўнікоў уладаў РБ з нагоды міфічных тэрарыстаў, якія нібыта знаходзяцца ва ўкраінскіх шпіталях, як праяву інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый, якія гуляюць на руку РФ".

Аднак, у адпаведнасці з правіламі бяспекі, спецыяльныя службы і прадстаўнікі мясцовай улады "рэагуюць на кожную патэнцыйную пагрозу згодна з прадугледжаным пратаколам дзеянняў". Таму "прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб нівеліраваць любыя негатыўныя наступствы нават тэарэтычнай пагрозы".

СБУ раіць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі "не палохаць украінцаў псеўдазаявамі, а думаць пра тое, як не апынуцца на лаве падсудных у Гаазе побач з крамлёўскім дыктатарам". Таксама адзначаецца, што ў Мінску павінны зразумець "простую рэч": "людзі, якія абараняюць Украіну ад акупантаў, з'яўляюцца героямі, а не тэрарыстамі". А сапраўдныя тэрарысты знаходзяцца ў Крамлі.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль 25 красавіка на "Усебеларускім народным сходзе" пагражаў разабрацца з нейкімі "тэрарыстамі" ва ўкраінскай сталіцы. І назваў адрасы дзвюх бальніц. Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя адрэагавала ў пятніцу і пачала іх эвакуацыю. Відэа, як гэта адбывалася, апублікаваў мэр Кіева Віталь Клічко.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі