Расійскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота
Перастаў адкрывацца сайт "Защитник.БЕЛ", праз які беларусаў вербавалі ў расійскае войска, каб ваяваць супраць Украіны. Як заўважыла Радыё Свабода, дзейнасць сайта спынілася пасля таго, як пра яго паведамілі незалежныя СМІ.
Дакладна невядома, хто яго зблакаваў — беларускія ўлады ці самі ініцыятары яго стварэння.
Уладальнікам сайта быў пазначаны расійскі прадпрымальнік Данііл Радзівонаў, зарэгістраваны ў Іркуцкай вобласці РФ. У адкрытых звестках гаворыцца, што ён звязаны з вайскова-кадравым агенцтвам "Братский Синдикат", якое падбірае кандыдатаў на кантрактную службу ў расійскім войску.
Пры гэтым сайт быў аформлены як беларускі, зарэгістраваны ў беларускай даменнай зоне і разлічаны на беларускую аўдыторыю: там публікавалі фота вайскоўцаў з дзяржаўнай сімволікай Беларусі.
У 2022 годзе ўлады Беларусі падтрымалі агрэсію Расіі супраць Украіны. Акупантам прадаставілі не толькі тэрыторыю Беларусі, але і вайсковую інфраструктуру. Між тым грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расіі, так і Украіны. Дакладная іх колькасць невядомая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут