Савет рэспублікі: Акт аб дэмакратыі для Беларусі — пагроза міру і бяспецы

24/12/2020 - 11:04
Прэзідыум Савета рэспублікі / sovrep.gov.by

Прыняцце ў ЗША "Акта аб дэмакратыі для Беларусі" — пагроза міжнароднаму міру і бяспецы, лічаць члены Савета рэспублікі. Прэзідыум верхняй палаты беларускага парламента абураны што "амерыканскія заканадаўцы, абвяшчаючы ўласную манаполію на праўду, не жадаюць разабрацца ў падзеях, якія адбываюцца ў нашай краіне, і пачуць беларускіх парламентарыяў — голас праўды", —  гаворыцца ў заяве. 

Члены прэзідыума паказалі амерыканскім кангрэсменам на неабходнасць надаваць больш увагі праблемам уласных выбаршчыкаў, асабліва ва ўмовах нарастаючай пандэміі COVID-19. І рэкамендавалі ім абараняць свабоду СМІ і выказвання меркаванняў у сваіх выбарчых акругах.

Прэзідыум Савета рэспублікі здзіўляецца, чаму амерыканскія сенатары хочуць перашкодзіць развіццю адносін Беларусі і Расіі, "у той час як у самім амерыканскім грамадстве раскол усё паглыбляецца".

Члены Савета рэспублікі лічаць, што сусветная супольнасць безумоўна прызнала Беларусь — суверэнную, стабільную і эканамічна развітую дзяржаву — сур'ёзным донарам рэгіянальнай бяспекі.

Сенат Кангрэсу ЗША 21 снежня ўхваліў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі". Прэзідыум Савета рэспублікі называе яго антыбеларускім і лічыць, што гэта грубае ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі