Савет бяспекі ААН правядзе экстраннае пасяджэнне наконт статусу Іерусаліма

07/12/2017 - 07:03

Савет бяспекі ААН збярэцца на экстраннае пасяджэнне па пытанні аб статусе Іерусаліма. Нагодай стала тое, што напярэдадні ЗША прызналі гэты горад сталіцай Ізраіля.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, сустрэча прызначаная на 8 снежня. За правядзенне пасяджэння выказаліся восем з пятнаццаці чальцоў Савета бяспекі: Балівія, Вялікабрытанія, Егіпет, Італія, Сенегал, Уругвай, Францыя і Швецыя.

Плануецца, што з дакладам выступіць генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Дарэчы, ён ужо заявіў, што пытанне пра статус Іерусаліма мусіць вырашацца толькі шляхам прамых перамоваў паміж Ізраілем і Палесцінай.

Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна прызнаў Іерусалім сталіцай Ізраіля. ЗША абвясцілі, што перанясуць сваю амбасаду з Тэль-Авіва ў Іерусалім.

Дарэчы, лідары шэрагу еўрапейскіх краінаў не падтрымалі рашэнне Трампа. У арабскіх краінах рашэнне ЗША жорстка раскрытыкавалі. У Турцыі пасля заявы Трампа пачаліся акцыі пратэсту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі