Санэпідслужбы Міншчыны знайшлі парушэнні ў 33 з 34 крамаў "ДарАРС"

30/12/2015 - 14:05

Супрацоўнікі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя на мінулым тыдні праверылі 34 крамы сістэмы ААТ "ДарАРС". Як перадае БЕЛТА, санстанцыя выявіла парушэнні на 33 з іх (97,1%).

Так, у васьмі крамах прадавалі прадукцыю без маркіроўкі або з няпоўнай інфармацыяй пра тавар. У дзевяці крамах выявілі парушэнне правілаў таварнага суседства пры захоўванні прадукцыі, у чатырох — невыкананне тэмпературных рэжымаў захоўвання прадуктаў. У адной краме знайшлі тавар без дакументаў, якія сведчаць якасць і бяспеку, а яшчэ ў адным прадавалі прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Пяць памяшканняў ўтрымліваліся ў нездавальняючым санітарным стане, 19 — маюць патрэбу ў рамонце.

Напрыклад, у краме "ДарАРС" №37 у Заслаўі на момант праверкі не было ні гарачай, ні халоднай вады, ні электрычнасці. Парушаліся тэмпературныя рэжымы, правілы таварнага суседства і нормы складавання прадуктаў харчаванн. Нядобраякасная харчовая прадукцыя ляжала разам з добраякаснай. Былаі таксама і іншыя парушэнні. Па выніках праверкі дзейнасць крамы прыпыненая. Загадчыца крамы, як і юрыдычная асоба ААТ "ДарАРС", прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Агулам за мінулы тыдзень па выніках пазапланавых праверак крамаў сістэмы "ДарАРС" прыпынялася дзейнасць шасці з іх. На парушальнікаў накладзеныя чатыры штрафы на суму 9,9 млн рублёў, яшчэ 28 пратаколаў знаходзяцца на разглядзе. Канфіскавана з абарачэння 110 кг харчовых прадуктаў негарантаванай якасці (са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці, прыкметамі псавання, з парушэннем умоваў захоўвання).

Санстанцыя абяцае праводзіць пазапланавыя праверкі за эпідэмічна значнымі аб'ектамі і ў святочныя дні, а таксама пасля іх заканчэння.

Фота: sputnik.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі