Гандляры скацінай на тыянгэ — традыцыйным перасоўным кірмашы ў Сальвадоры / elfaro.net
7 верасня Сальвадор першым у свеце афіцыйна перайшоў на біткойн у якасці нацвалюты. Для краіны, дзе, па апошнім апытанні, як мінімум 60% насельніцтва жывуць без банкаўскіх рахункаў, рашэнне спрэчнае. Сальвадор займае пятае месца па ўзроўні беднасці сярод краін Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, Больш за палову насельніцтва жывуць на 2 долары ў дзень — па класіфікацыі ААН гэта ўзровень беднасці. Нашы калегі з сальвадорскага СМІ El Faro зрабілі выдатны фотарэпартаж (да ўвядзення біткойна, але гэта не так істотна) з аднаго з найстарэйшых рынкаў краіны, дзе ніякіх біткойнаў, зразумела, — толькі наяўныя або бартар. Прычым наяўныя — гэта долары ЗША, таму што ў 2001 годзе ўрад Сальвадора адмовіўся ад эмісіі ўласных грошай.
Тыянгэ — аснова жыцця для жывёлагадоўцаў і фермераў у Сальвадоры. Перасоўныя кірмашы, дзе скаціну прадаюць за наяўныя, распаўсюджаныя ў Сальвадоры яшчэ з канца XIX стагоддзя. Тыянгэ робяць унёсак у мясцовую эканоміку, бо за продаж буйной рагатай жывёлы або каня спаганяецца муніцыпальны падатак у 2-3 долары ЗША за галаву.
Сёння дробныя вытворцы карыстаюцца гэтай прасторай для таго, каб прапанаваць сваіх курэй, свіней, індыкоў і нават сабак. Некаторыя прадаюць рабочыя інструменты або разгортваюць прылаўкі з ежай. Але ўсе ўдзельнікі гандлю цвёрда ведаюць: разлік толькі за наяўныя грошы ці натуральным абменам, па бартары. У гэтым бізнесе няма ні крэдытных картак, ні чэкаў. Яшчэ больш бессэнсоўна на тыянгэ пытацца пра біткойн, які афіцыйна стаў нацыянальнай валютай Сальвадора. Некаторыя з тых, хто гандлюе на тыянгэ, усё жыццё былі фермерамі, многія не ўмеюць чытаць і пісаць. Біткойн тут непапулярны. Агустын Рывас, 55-гадовы жывёлавод, кажа, што гэта была найгоршая памылка цяперашняга ўрада і што гэтая валюта ніколі не будзе працаваць з сельскім насельніцтвам.
Меркаванне фермера супадае з апытаннем нацыянальнага Універсітэта Франсіска Гавідыя, якое было апублікавана ў чэрвені 2021 года, за два месяцы да ўступлення ў сілу закона аб пераходзе краіны на біткойн. Шасцёра з дзесяці апытаных супраць закона. 44% лічаць, што эканоміка праз гэта можа пагоршыцца, і 56% мяркуюць, што гэты закон выгадны толькі прадпрымальнікам. Пры гэтым у 60% рэспандэнтаў няма банкаўскага рахунку, а ў 68% — банкаўскіх картак. Тыянгэ ў горадзе Сан-Рафаэль-Сэдрас, размешчаным за 50 кіламетраў ад сталіцы краіны Эль-Сальвадора, — яркі прыклад разрыву паміж лічбавай эканомікай і рэаліямі жыцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут