"Сабралі 2 тысячы подпісаў з 50-ці". Як прадпрымальнікі працягваюць барацьбу

13/06/2016 - 14:22

У чарговым форуме прадпрымальнікаў, які паходзіць 13 чэрвеня ў Мінску, удзельнічае каля ста чалавек. Месцам правядзення на гэты раз абраны "Дом Масквы" ― пасля мінулага шматлюднага збору адміністрацыя гатэля "Беларусь" адмовіла Анатолю Шумчанку і яго "Перспектыве" ў памяшканні.

Тэмай мерапрыемства абіраюць дыялог з уладай. Поўнасцю яна гучыць, як "Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу". Прыходзяць чыноўнікі: прадстаўнік Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц, кансультант Мінэканомікі Валерый Хомчанка, намеснік начальніка ўпраўлення Мінгандлю Андрэй Мяшкоў, а таксама намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі.

Кіраўнік "Перспектывы" і арганізатар мерапрыемства Анатоль Шумчанка кажа, што сітуацыя з іпэшнікамі і Указам №222 не вырашаная і стаіць на месцы:

Не дастаткова зроблена ў гэтым напрамку ў межах рабочых груп і іншых пляцовак, мала зроблена, каб зняць напружанасць у прадпрымальніцкім асяроддзі ― яна застаецца і ў любы момант можа ўспыхнуць. Сёння мы хочам пачуць ацэнку прадпрымальнікаў і ўладаў, умацаваць давер паміж імі... Калі ў нас не будзе даверу, то будзе вуліца і Плошча. "Перспектыва" менш за ўсё гэтага хоча, таму што мы створаныя для бізнесу, узбагачэння сябе і краіны, а не для пратэсту. Паўмеры нас не задавальняюць, прадпрымальнікі хочуць працаваць у нармальным прававым полі, а не бегаць па судах

Анатоль Шумчанка, кіраўнік "Перспектывы"

Праўда, на форум трапляюць не ўсе жадаючыя іпэшнікі. Яшчэ адзін лідар прадпрымальніцкага руху, Алесь Макаеў, размаўляе з яго ўдзельнікамі толькі на ганку "Дома Масквы" ― дамовіцца з Шумчанкам аб прамовах са сцэны не атрымалася. Макаеў расказвае, што ён з паплечнікамі абраў іншы спосаб барацьбы з Указам №222. Ён хоча сабраць 50 тысяч подпісаў і ініцыяваць змены ў заканадаўства, якія б адмянілі непапулярныя заканадаўчыя акты. Праўда, пакуль удалося назбіраць толькі дзве тысячы. Макаеў кажа, што разрозненасць вельмі перашкаджае агульнай справе:

Подпісы цяпер вельмі цяжка збіраюцца. Прадпрымальнікі баяцца, што калі паставяць подпісы, іх прыдуць правяраць. 2000 подпісаў неяк на сённяшні дзень мы сабралі. Гэта вельмі мала, вельмі мала інфармацыйнай падтрымкі. Адбываюцца мітынгі ў Барысаве, Маладзечне, Жодзіна, Баранавічах

Прадпрымальніцкі лідар Алесь Макаеў

Самі іпэшнікі тым часам працуюць, пакуль няма праверак (на іх нібы дзейнічае мараторый). Праўда, лідары прадпрымальнікаў называюць такую працу "працай на жэрле вулкана", таму што, калі праверкі адновяцца, яны, хутчэй за ўсё, будуць заканчвацца канфіскацыямі тавару. Гэта ў лепшым выпадку. У горшым ― штрафамі ад 200 да 400 базавых велічыняў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі