Са Следчага камітэта патрабуюць 100 тысяч долараў за маленькую літару "в"

20/03/2019 - 06:06

Жыхар Латвіі Аляксандр Міхайлаў патрабуе ад Следчага камітэта Беларусі 200 тысяч рублёў кампенсацыі за абразу (амаль сто тысяч долараў), піша "Новы час".

У афіцыйнай перапісцы з Міхайлавым Следчы камітэт неаднаразова называў яго на "вы" з маленькай літары. Між тым па правілах беларускай мовы, замацаваных законам, у афіцыйнай перапісцы пры звароце "Вы" патрэбная вялікая літара. Мужчына палічыў гэта за абразу і прыніжэнне свайго гонару і годнасці.

Ён падаў на Следчы камітэт у суд пазоў аб абароне гонару і годнасці. Ён патрабаваў кампенсацыі ў памеры 80 тысяч рублёў. Праўда, суд Партызанскага раёна Мінска скаргу не задаволіў. Пасля гэтага Міхайлаў і яго адвакат Сяргей Зікрацкі падалі апеляцыю. І сума пазову вырасла да 200 тысяч рублёў.

На судзе высветлілася, што за ліставанне з Міхайлавым адказваў намеснiк начальнiка ГСУ ЦА Следчага камiтэта Д. Вараб’ёў. Ён напісаў у суд заяву, у якой выклаў сваю пазіцыя па справе. Аднак суд адмовіў адвакату пазоўніка Сяргею Зікрацкаму, які прасіў магчымасці азнаёміцца з заявай. Таксама суд адмовіў Міхайлаву, які хацеў самастойна даваць паказанні праз скайп. Не пусцілі на суд і аднаго з адвакатаў Міхайлава, бо той спазніўся.

Дарэчы, Міхайлаў папрасіў скласці на Вараб'ёва яшчэ і пратакол за парушэнне заканадаўства. Жыхар Латвіі тройчы (27 студзеня, 3 i 10 лютага 2019 года) звяртаўся да прадстаўніка Следчага камітэта з хадайніцтвамі па-беларуску, але атрымаў адказы на рускай мове, што супярэчыць "Закону аб зваротах грамадзян".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі